Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пруне́левы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з прунелі. Прунелевыя туфлі.

пруне́ль, ‑і, ж.

Тонкая моцная тканіна, якая ідзе на верх для абутку, на абіўку мэблі.

[Фр. prunelle.]

прус, ‑а, м.

Тое, што і прусак ​1.

пруса́к ​1, ‑а, м.

Рыжы таракан. Асмялеўшыя ўночы прусакі тлумна падаліся бліжэй да печы, хаваючыся ў шчылінах. Колас.

пруса́к ​2,

гл. прусакі.

прусакі́, ‑оў; адз. прусак, ‑а, м.; прусачка, ‑і, ДМ ‑чцы; мн. прусачкі, ‑чак; ж.

Ураджэнцы або жыхары Прусіі; паўночна-ўсходнія немцы.

пруса́цтва, ‑а, н.

Рэакцыйны, мілітарысцкі, паліцэйска-бюракратычны рэжым, які панаваў у былой Прускай дзяржаве і Германскай імперыі.

пруса́чка,

гл. прусакі.

пру́сы, ‑аў; адз. прус, ‑а, м.

Група балтыйскіх плямён, якія насялялі паўднёвае ўзбярэжжа Балтыйскага мора паміж ніжнім цячэннем рэк Віслы і Нёмана і былі заваяваны ў 13 ст. нямецкімі рыцарамі.

прут, ‑а, М пруце, мн. пруты, ‑оў; м.

1. Тонкая доўгая палка без сучча. Выбіраецца [для вуды] прамы, моцны і гнуткі прут. Матрунёнак. Дзед доўгім прутам спорваў спелыя яблыкі, а ўраднік збіраў. Мурашка.

2. Доўгі металічны стрыжань. [Юрка] стаіць у сваім ложку.., трымаецца аберуч за жалезны прут і то смяецца адназубым роцікам, то.. зусім як бацька ляскае языком. Брыль. [Паўліку] і дзеду ўступілі месца пад акном, пераплеценым жалезнымі прутамі. Хомчанка.

пру́ткасць, ‑і, ж.

Якасць і ўласцівасць пруткага.