Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няшча́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які церпіць гора, бяду, перажывае няшчасце. — Лютую смерць прыняў чалавек... — І хто б то мог быць? Наш брат, партызан? Няшчасны ўцякач з палону? Лынькоў. [Арына] бачыла перад сабой толькі няшчасную жанчыну і маці, адчуванні якой добра разумела. Маўр. // у знач. наз. няшча́сны, ‑ага, м.; няшча́сная, ‑ай, ж. Чалавек, які зазнаў многа гора, крыўды і пад. Маці плакала: «Няшчасны, Праз каго я свечкай гасну На чужыне?» Бажко. // Які выражае прыгнечаны, гаротны і пад. стан. Няшчасны выгляд.

2. Які з’яўляецца няшчасцем, заключае ў сабе няшчасце. [Вейс:] — Гэта звычайнае крушэнне, якія здараюцца часам на чыгунках. Няшчасны выпадак. Лынькоў. // Трагічны, гаротны. Няшчаснае жыццё.

3. Які прыносіць няшчасце або прадвяшчае яго. Няшчасны дзень. // Які прычыняе непрыемнасці; злашчасны. [Наталля:] Я вінавата ў тым, што, ведаючы твой няшчасны характар, не асцерагалася і дала табе прычыну для падазрэння. Крапіва.

4. Разм. Нікчэмны, мізэрны. [Цімох:] — Бедныя былі ў нас людзі, па ваработках цягаліся, служылі за няшчасныя рублі, за скарынку хлеба. Колас. // Ужываецца як лаянка. Насця спынілася перад здраднікам, з агідай паглядзела на яго і ціха, але выразна сказала: — Дык гэта ты прадаў Андрэя? Чарвяк ты няшчасны! Погань ты! Шамякін.

няшча́сце, ‑я, н.

1. Бяда, гора; няшчасны выпадак. Мяне сустрэла першае вялікае няшчасце ў маім жыцці. На лаве пад абразамі ляжыць мой бацька — жоўты, як воск, з заплюшчанымі вачыма. Бядуля. Аднойчы здарылася няшчасце. Студэнту Падацюку шасцернямі сеялкі раструшчыла палец. Дуброўскі.

2. Няўдача, адсутнасць поспеху. Вадзік з усіх сіл шмаргануў вудзільна.. Вось няшчасце — зачапіўся кручок! Гамолка. Паўстанцы таксама любілі гэту дзікую, чарнавокую дзяўчынку, якая парою выручала іх ад голаду і іншага няшчасця. Чарот.

няшчы́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, у якім састаўныя часткі не цесна прылятаюць адна да другой; рэдкі. Няшчыльныя дзверы.

няшчы́расць, ‑і, ж.

Уласцівасць няшчырага (у 1 знач.); крывадушнасць. Па тону размовы, па ўсім Галя адчула няшчырасць гэтага чалавека, нават нейкі здзек з яе гора, і выбегла з кабінета. Сабаленка. [Вочы] глядзелі проста, адкрыта, у іх не было крыўды ці якой-небудзь няшчырасці. Кулакоўскі.

няшчы́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які тоіць ад іншых свае сапраўдныя пачуцці, думкі; фальшывы, крывадушны. — Калі чалавек сам няшчыры, дык ён і другім не верыць. Ваданосаў. [Кашын і Комлік] былі вартыя адзін аднаго, абодва няшчырыя і дробязныя, якія дбалі толькі аб сабе... Карпаў. // Які не выказвае сапраўдных пачуццяў і думак; прытворны. На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас.

2. Які не вызначаецца шчырасцю, стараннасцю, дбайнасцю. Апраўдвацца Міхась не стаў — няшчырыя адносіны да работы перад прафесарам не апраўдаеш. Шахавец.

няя́ркі, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены яркасці; даволі цьмяны. Вячэрняе сонца, ідучы на спачын, залівала роўным, няяркім святлом суседні парк. Паслядовіч. На машынах у цэху, дзе працаваў Вася, друкаваліся дзіцячыя кніжкі, і часам малюнкі выходзілі няяркія, невыразныя, фарбы расплываліся. Сапрыка.

2. перан. Які не кідаецца ў вочы; малапрыкметны. Тым часам вёска, што прытуліла Юзіка, важыла на шырокую нагу.. І толькі Юзік несамавіта выдзяляўся сярод усіх сваёй няяркай вопраткай. Хадановіч. Як толькі цёмнаю ноччу Вочы свае закрываю, Адразу я Оршу бачу З яе няяркай красой. Караткевіч. // Які нічым не вылучаецца; звычайны. Няяркае жыццё.

няя́сна,

1. Прысл. да няясны.

2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць яснага ўяўлення аб кім‑, чым‑н. [Вера Васільеўна:] — Для мяне, напрыклад, няясна, чаго вы так баіцеся вопыту Карніцкага, нават яго самога. Паслядовіч.

няя́снасць, ‑і, ж.

1. Якасць няяснага. Няяснасць вымаўлення гукаў.

2. Што‑н. незразумелае, няяснае. Расказ [пра вепра і ваўка].. рассеяў усякія няяснасці, і на дзеда Талаша глядзелі, як на свайго чалавека. Колас. На дне душы была няяснасць. Пестрак.

няя́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які невыразна, дрэнна відаць, не вылучаецца сваімі контурамі. На тым беразе паказаліся дзве няясныя постаці. Колас.

2. Які ледзь чуваць; невыразны. У адну з хвілін, калі Міхаіл на момант скіраваў увагу на правага свайго суседа, спераду раптам пачуўся няясны шум і ўсплёск вады. Краўчанка. Не, не зман. Музыка. Плаўныя няясныя гукі музыкі. Мелодыю не вызначыш, але гэта — музыка. Ермаловіч.

3. Не зусім зразумелы; невыразны. Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі. Якімовіч. Словы Лапціна былі поўны няясных намёкаў, ад іх непрыемна застукала сэрца, і Каваль заспяшаўся. Савіцкі.

няя́сыць, ‑і, ж.

Род вялікіх соў.