няця́жкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які не патрабуе вялікіх намаганняў, не з’яўляецца цяжкім для ажыццяўлення, вырашэння і пад. І, сказаць жа, работа на лузе няцяжкая. Колас. Самае няцяжкае было — стаяць, маўкліва, ціха, і ні аб чым не думаць. Мележ.
2. Які мае невялікую вагу. Куфэрак быў няцяжкі, але пасля ўчарашняй страшнай ночы ды па такой дарозе несці яго было і цяжка і няёмка. Чарнышэвіч.
3. Не сур’ёзны (пра хваробу, рану, хворага). — Гэты [ранены] — лягчэйшы, — гаворыць Марыя Сцяпанаўна. — Два няцяжкіх пашкоджанні — галава і бядро. Брыль. Амаль кожны дзень я праведваў Грачыка, і ён рады быў таму, што ў яго няцяжкая рана і яго не будуць эвакуіраваць у тыл. Сабаленка.
няця́млівасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць няцямлівага.
няця́млівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які цяміць з цяжкасцю; нездагадлівы. Няцямлівы чалавек.
няча́сты, ‑ая, ‑ае.
Які адбываецца, здараецца, паўтараецца і пад. не вельмі часта; рэдкі. У тайзе мароз шчапаў дрэвы, ноч далёка і доўга раскідвала гучнае рэха, і Цаліна, якая ўжо засынала, пачула гэтыя нячастыя марозныя гукі. Савіцкі.
нячленараздзе́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нячленараздзельнага.
нячленараздзе́льны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены членараздзельнасці; невыразны. Нячленараздзельныя гукі.
нячу́ласць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нячулага. Чалавечая нячуласць. Нячуласць да слова.
2. Нячулыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Праявіць нячуласць.
нячу́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены чуласці, спагадлівасці. Яму няма каму выказаць свае скаргі, выліць жаль і боль, бо навакол нячулыя, карыслівыя і неспагадлівыя людзі. Івашын. // Які выяўляе адсутнасць чуласці, спагадлівасці. Нячулыя адносіны да чужога гора.
2. Які не рэагуе на што‑н.; раўнадушны. [Настаўніца:] — Які вы ўсё ж нячулы чалавек — такая музыка, а вы яе бязлітасна хочаце перапыніць. Барашка.
нячу́тны, ‑ая, ‑ае.
Такі, што не робіць шуму; якога не чуваць зусім; вельмі ціхі. Ішлі.. [пагранічнікі] у тую ноч, як заўсёды, па ўсіх правілах службы — самі нябачныя і нячутныя, аднак, бачачы і чуючы ўсё. Брыль. Каб не заснуць, [Ігнат] зноў падняўся і паціху, нячутнымі крокамі, доўга хадзіў па вагоне з канца ў канец. Галавач.
нячы́ста,
1. Прысл. да нячысты.
2. безас. у знач. вык. Брудна. У пакоі было нячыста.