Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няхва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці; недахоп чаго‑н. [Віхура:] Справа такая: няхватка рабочых, некаторае спазненне будаўнічай часткі не павінна спыніць работы па мантажу... Гурскі. Красніцкі спаслаўся на няхватку часу, і, падзякаваўшы яшчэ раз за шчырую гасціннасць, мы выйшлі на вуліцу. Пальчэўскі.

2. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; нястача. Была не лёгкая пара, часамі не хапала тэхнікі, .. былі няхваткі і з харчамі. Сташэўскі. Пратасевічы, жывучы сям’ёй у Мінску, не ведалі няхваткі ні ў чым неабходным. Аднак запасаў.. не мелі. Васілевіч.

няхі́тра,

1. Прысл. да няхітры.

2. безас. у знач. вык. Проста, нескладана. [Леанід Ахрэмавіч:] — Выстраіць жа будынкі, якія б яны ні былі, уздоўж, скажам, нашага бальшака няхітра. Хадкевіч.

няхі́трасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няхітрага.

няхі́тры, ‑ая, ‑ае.

1. Далёкі ад хітрасці; прастадушны. Юзік быў просты, няхітры і не вельмі разумны. Чарнышэвіч.

2. Просты, нескладаны, немудрагелісты. Антон ускінуў на плечы чамаданчык з няхітрымі сваімі манаткамі, азірнуўся наўкол і пайшоў проста па пуцях. Васілёнак. У пачатку паказвалі кіначасопіс. Анатоль Макаравіч любіў часопісы — няхітрыя расказы пра нашых сучаснікаў. Шамякін. Стол быў застаўлены няхітрай, але цудоўнай вясковай закускай: малако салодкае і кіслае, сыр, адвараная бульба, нарэзанае скрылікамі сала, яечня, маласольныя агуркі. Сапрыка.

няхо́джаны, ‑ая, ‑ае.

Такі, па якім не хадзілі, не ходзяць. Зарослая зялёным мохам, няходжаная сцяжынка вяла ў гушчар. Шыцік.

няхо́дкі, ‑ая, ‑ае.

Які не мае попыту (пра тавар). [Загадчык:] — Талент прадаўца ў тым і заключаецца, каб умела і хутка збыць ходкі і няходкі тавар. Нядзведскі.

няцвёрдасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няцвёрдага; адсутнасць цвёрдасці.

няцвёрды, ‑ая, ‑ае.

1. Якому не ўласціва цвёрдасць, даволі мяккі. Няцвёрды грунт.

2. перан. Няўпэўнены, хісткі. Наталля Пятроўна ў жаху адхіснулася і няцвёрдым крокам выйшла з хаты. Шамякін. «Дарагая, любая мамачка», — пісала яшчэ няцвёрдая, але старанная дзіцячая рука. Кірэенка.

3. перан. Такі, якому не ўласціва рашучасць, цвёрдасць. // Уласцівы такому чалавеку. Няцвёрды характар. // Які выражае нерашучасць. Няцвёрды адказ.

няцо́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не дзеліцца на два (пра цэлыя лікі). Няцотны лік.

няця́жка,

1. Прысл. да няцяжкі.

2. безас. у знач. вык. Без цяжкасці. Няцяжка ўявіць, які ў мяне быў сон у гэтую ноч. Ляўданскі.