Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няўхі́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўхільнага. Няўхільнасць падзей. □ З жорсткай няўхільнасцю і паслядоўнасцю знішчаў.. [Нікодым] тое, што ствараў сам увесну тысяча дзевяцьсот сорак першага года. Паслядовіч.

няўхі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае адхіленняў ад чаго‑н., пастаянны; нязменны. Няўхільны рост прадукцыйнасці працы. Няўхільны ўздым матэрыяльнага дабрабыту. // Цвёрды, непахісны. Галадай заўжды ведаў, чаго хацеў, і быў няўхільны ў сваіх намерах. Быкаў. Без прынук мы імкнём, няўхільныя, да мэты, прыгажэем, як і горад гэты, што ўзнялі яднаннем душ і рук. Русецкі.

2. Такі, што нельга парушыць, які не падлягае змяненню; абавязковы. Няўхільны закон.

3. Які непазбежна вынікае з абставін; немінучы. І чуе Цімох — і пад ім Звісае няўхільная кара. Колас. А здаралася ўсё гэта, калі ўспамінаць па парадку, не так сабе, .. а, як напэўна сказаў бы інжынер Лось, у выніку няўхільнага і заканамернага развіцця падзей. Краўчанка.

няўце́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўцешнага. Няўцешнасць болю.

няўце́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што немагчыма суцешыць, супакоіць. Хіліла маці галаву Над папялішчам, над магілай. Але няўцешную ўдаву Навала тая не скарыла. Шушкевіч.

2. Вельмі моцны па сіле праяўлення (пра гора, слёзы і пад.). — Шабуня памёр, — сказаў Туравец. — Памёр? — перапытаў Крайко. — Эх! — У гэтым «эх» Туравец адчуў няўцешную крыўду і боль. Мележ.

3. Які не прыносіць суцяшэння; несуцяшальны. Няўцешныя весткі прыбываюць кожны дзень: Мінск у руінах, фашысцкае войска ідзе па Беларусі. Лужанін.

няўця́м, безас. у знач. вык.

Разм. Незразумела; не прыйшло ў галаву. Якая ж дарога ў яго за плячыма, Якія заслугі — самому няўцям. Гілевіч. Яму было зусім няўцям, Што чалавек вышэй за горы. Свірка.

няўця́мнасць, ‑і, ж.

Разм.

1. Уласцівасць няўцямнага. [Дырэктар] не чакаў такой дзёрзкасці і доўга глядзеў на мяне са здзіўленнем і няўцямнасцю: маўляў, што зрабілася з жанчынай? Шамякін.

2. Што‑н. незразумелае.

няўця́мны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, што цяжка зразумець, усвядоміць; незразумелы. Няўцямныя думкі прыгняталі Андрыяна. Марціновіч. Базыль нешта няўцямнае мармытнуў і заспяшаўся даганяць Піліпа. Сачанка. // Які выклікае недаўменне; загадкавы. Здарылася нешта няўцямнае. Адбыўся неверагодны выпадак, верыць якому не хацелася. Лупсякоў.

2. Які выяўляе неразуменне чаго‑н. або адсутнасць думак аб чым‑н. На гэты раз Сцяпан даўжэй глядзеў няўцямнымі вачыма на прысутных. Пальчэўскі. Надзя расплюшчыла вочы, няўцямным поглядам абвяла клець. Бураўкін.

няўча́с, прысл.

У непадыходзячы момант. З’явіцца няўчас.

няўча́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які наступіў вельмі рана; заўчасны. Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл, Адшліфованы цэгл[а] і камень, — Гэта памяткі-пліты з няўчасных магіл. Купала.

2. Які адбываецца ў непадыходзячы момант. Радасць вяртання, блізкай сустрэчы з роднай дамоўкай перамяшалася з няўчасным сумам. Мележ.

няха́й, часціца і злучнік.

1. часціца. У спалучэнні з дзеясл. 3 асобы адз. і мн. ліку цяпер. і буд. простага часу абвеснага ладу ўтварае загадны лад са значэннем: а) загаду, пабуджэння, неабходнасці. — Перадай пракурору, няхай пачакае — вызвалюся, паедзем разам глядзець. Карпаў. А ён адказваў мне: — Няхай Стаяць [курганы] на страх варожай сіле. Кірэенка; б) дазволу, згоды, уступкі. — А мы.. [крыніцы] выпусцім на прастор, — няхай бягуць, няхай звіняць, няхай працуюць на нас! Брыль. — Няхай будзе так, — згадзіўся Янка. Якімовіч; в) урачыстага закліку, пажадання. Няхай наша дружба цвіце. Колас. [Дзямід Сыч:] — Няхай іржавеюць сабе дапатопныя сярпы, і няхай звініць на нашых палетках гартаваная сталь камбайнаў. Паслядовіч. [Дзед:] — Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны. Лынькоў.

2. часціца. У спалучэнні з часціцай «бы» (з дзеясловамі ўмоўнага ладу) выражае дапушчэнне з адценнем пажадання магчымасці дзеяння, якое не адбылося. [Стралец:] — Няхай бы ты хоць якую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць. Якімовіч. Вось і сама я пашкадавала чалавека. А няхай бы на прыкладзе гэтага ўчастковага навучыліся іншыя. Асіпенка.

3. часціца. Разм. У сказах з дзеясловамі загаднага ладу ўзмацняе нежаданне. Няхай ты згары! □ — Ай, няхай ты запаветрай, ты ўсё жартуеш. Чорны.

4. злучнік уступальны. а) Ужываецца ў даданых сказах з уступальным дапушчэннем у значэнні «хоць», «нягледзячы на тое», «што». Няхай імя яго Было нам невядома — Мы неслі ўсе яму Свой лепшы шчыры дар. Глебка. // У даданых сказах з уступальным дапушчэннем, толькі з адценнем проціпастаўлення. Няхай сабе пясчаны гэты кут, Няхай няма ў ім роскашы паўднёвай, Ды мілы ён. Колас. Няхай усё гэта песня нагадала, Але я веру: будзе горад мой Такім, куды Скарына і Купала З плеядай слаўных прыдуць грамадой. Танк. б) Далучае ўступальныя звароты з абмежавальным значэннем. [Уладзіміру] было прыемна ўсведамляць, што ў гэтай вялікай творчасці мільёнаў прымае ўдзел ён, няхай на першы час хоць вучнем. Данілевіч.

•••

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) гл. бог.

Няхай ведаюць (знаюць) нашых гл. ведаць.

Няхай жыве! гл. жыць.

Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі (стопчуць) гл. качка.

Няхай яго, (яе, іх, цябе, вас) немач гл. немач.