Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разва́лісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З пахістваннем з боку ў бок (пра паходку). Камлюкаваты Пшанічны развалістай хадой ступіў наперад. Быкаў.

развалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Распасціся, разбурыцца (пра што‑н. сабранае, складзенае). Нашым вачам нечакана адкрыўся непрыемны малюнак: разваліўся воз сена. Ракітны. // Раскалоцца, разламацца на асобныя часткі ад удару. На чацвёртым удары палена развалілася, крыва абышоўшы сук. Быкаў. Гэ-эх! Надвая развалілася вялізная стракатая глыба. Лом гулка звінеў. Савіцкі.

2. Разм. Разбурыцца, ператварыцца ў руіны. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. — Больш чатырох паленцаў не кладзі ў грубку, хлопча... Разваліцца яшчэ. Капыловіч. // Падрацца, знасіцца. Янка паглядвае на боты і думае: «Прыйдзецца аборынай звязаць, каб зусім не разваліліся». П. Ткачоў.

3. перан. Дайсці да поўнага заняпаду; разладзіцца, распасціся, перастаць існаваць. Ні бомбы, ні газы, ні напалм не адновяць каланіяльныя імперыі, якія разваліліся. «Звязда».

4. Разм. Сесці або легчы неакуратна, шырока раскінуўшы рукі і ногі. [Ігнат] разваліўся ў траве, спадзеючыся заснуць, але сон не ішоў. Мележ. Наводдаль ад усіх, распанела, з мяккай старэчай грацыяй разваліўся ў крэсле стары Вежа. Караткевіч.

развалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

1. Прымусіць распасціся; раскідаць (што‑н. сабранае ў якім‑н. парадку, складзенае). Разваліць штабель бярвення. // Раскалоць, разламаць на асобныя часткі ўдарам; рассячы. Разваліць калоду. / у безас. ужыв. — Памятаеце, як я вам расказваў пра Паківачову адрыну? — спытаў Алесь. — Ну, яшчэ дуб сухі амаль над нашай галавою разваліла. Караткевіч.

2. Разм. Разбурыць, ператварыць у руіны. Разваліць хату. □ — Прыйшлі ноччу — двое мужчын, адна баба. Набілі ў школе вокны, развалілі печ... Навуменка.

3. перан. Давесці да поўнага расстройства, да заняпаду; разладзіць. Разваліць работу. Разваліць дысцыпліну. □ — Яно праўда, — згадзіўся Косця, — дружную брыгаду не разваліш. Шыцік.

разва́лкі, ‑лак; адз. няма.

Нізкія і шырокія сані з разваламі. У шырокіх сялянскіх развалках, закапаўшыся ў сена, ляжаў Васіль Сокалаў. Новікаў. Антон падцягнуў пасак, падабраў да каліўца сена і кінуў у развалкі. Ракітны.

развало́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развалачы.

разва́лы, ‑аў; адз. няма.

1. Рама з трох жэрдак, якая кладзецца на сані для большай умяшчальнасці. На шырокіх, з разваламі, закіданых саломай санях сядзела жанчына. Галавач. Каб павялічыць пагрузачную пляцоўку саней, паўзверх іх клаліся развалы. «Помнікі».

2. Нізкія і шырокія сані з такой рамай. Балота моцна ўкавана, А снегу — на лапаты дзве... І на развалах стог духмяны У вёску між кустоў плыве. Дукса.

разва́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разваліцца.

2. Зал. да развальваць.

•••

Галава развальваецца гл. галава.

разва́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разваліць.

развальцава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развальцаваць.

развальцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

Спец. Апрацаваць адтуліны ў металічных вырабах вальцамі.