прасле́даванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. праследаваць.
прасле́давацель, ‑я, м.
Той, хто праследуе каго‑н.
прасле́давацельніца, ‑ы, ж.
Жан. да праследавацель.
прасле́давацца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; незак.
Зал. да праследаваць.
прасле́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што.
1. Гнацца за кім‑, чым‑н., стараючыся дагнаць, захапіць, знішчыць. Праследаваць звера. Праследаваць ворага. □ Фашысты больш не праследавалі .. [партызан], самі баяліся засады. Новікаў.
2. перан. Не пакідаць у спакоі, даймаць, мучыць. Здагадкі, адна страшнейшая за другую, неадчэпна праследавалі .. [Аніссю]. Лынькоў.
3. Учыняць ганенні каму‑н., прыгнятаць. Вядома, што царызм праследаваў усякія праяўленні нацыянальных асаблівасцей беларусаў. Лушчыцкі.
4. Спец. Аддаваць пад суд. Праследаваць у судовым парадку.
праслібізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што і без дап.
Разм. Прачытаць па складах.
праслізну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Тое, што і праслізнуць. Пакуль маці прыглядаецца да .. [вароны ў небе], Міколка наспявае вылезці з-пад тапчаноў і праслізнуцца ў дзверы пад самымі матчынымі рукамі. Лынькоў.
праслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Слізгаючыся, прайсці, праскочыць праз што‑н., паміж чым‑н. Пакуль я капаў, мае памочнікі так старанна перабіралі кожную грудку зямлі, што, бадай, і макавае зернетка не праслізнула б міма іх рук. Штыхаў.
2. Непрыкметна прайсці, прабрацца. Хвілінкі праз дзве зноў праслізнула фігура. Лабановічу здалося, нібы тая ж самая, што іх абганяла. Колас. Толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. Зарэцкі.
прасло́ек, ‑слойка, м.
Спец. Тонкі слой паміж пластамі горнай пароды.
прасло́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад праслаіць.