прапако́сціць, ‑кошчу, ‑косціш, ‑косціць; зак., што.
Прамазаць пакостам. Прапакосціць дошкі.
прапаку́таваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
Пакутаваць некаторы час. Прапакутаваць месяц ад хваробы.
прапаласка́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прапаласкаць.
прапаласка́цца, ‑лашчуся, ‑лошчашся, ‑лошчацца; зак.
Паласкацца некаторы час. Прапаласкацца ўвесь дзень у вадзе.
прапаласка́ць, ‑лашчу, ‑лошчаш, ‑лошча; зак., што.
1. Памыць, палошчучы ў вадзе; выпаласкаць. Прапаласкаць бялізну.
2. Прамыць, прадэзінфіцыраваць паласканнем (рот, горла). Віцьку далі прапаласкаць рот нейкай вадой. Паўлаў.
3. і без дап. Паласкаць некаторы час.
прапаласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
Злёгку абмыць; спаласнунь. Прапаласнуць бялізну.
прапа́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прапаліць.
прапа́ліна, ‑ы, ж.
Разм. Прапаленае, выгаралае месца на чым‑н. Гімнасцёрка была зусім новая, аднак на правым рукаве мелася даволі ладная прапаліна: адразу відаць, што склад бамбілі і адзенне гарэла. Лупсякоў.
прапалі́цца, ‑паліцца; зак.
1. Спаліцца наскрозь; прагарэць. Сукенка прапалілася.
2. Кончыць паліцца (пра печ). Печ прапалілася.
прапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.
1. Спаліць наскрозь; выпаліць дзірку. — Бачыш, як баіцца, каб не сказала, што штаны прапаліў. Сіўцоў.
2. і ў чым. Напаліць, выпаліць (печ, трубку і пад.) для абагравання (хаты, пакоя і пад.). Трэба было печ прапаліць, а то ахалодала ў хаце. Лобан. У нас даўно ўжо не было чым прапаліць у печы, і ў хаце стаяла такая халадэча, што, бадай, цяплей было на дварэ. Сачанка.
3. і без дап. Паліць некаторы час.