Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няўда́члівы, ‑ая, ‑ае.

Такі, якому не шанцуе, у якога ва ўсім няўдачы. Гэтыя мілыя дзяўчаты, з якіх дзве ўжо настаўнічалі, былі дочкамі няўдачлівага заняпалага купца. Крапіва.

няўда́чнік, ‑а, м.

Няўдачлівы чалавек. [Максім:] — Тут я табе, браце, нічога параіць не магу, бо і сам такі ж няўдачнік, як і ты [Серафім]. Машара. Цяпер ужо здаецца, што я ніколі нічога не знайду, што я няўдачнік. Навуменка.

няўда́чніца, ‑ы, ж.

Жан. да няўдачнік.

няўда́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Не такі, які павінен быць, якога чакалі, якога хацелі. Няўдачнае асабістае жыццё. // Які суправаджаецца, канчаецца няўдачай. Няўдачны ўдзел у паляванні.

няўдзя́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўдзячнага. Як жа позна, Як позна — любімыя дзеці — Мы няўдзячнасць сваю Разумець пачынаем... Гілевіч. // Паводзіны няўдзячнага чалавека; няўдзячны ўчынак. Няўдзячнасць з боку сяброў.

•••

Чорная няўдзячнасць — зло замест удзячнасці за зробленыя паслугі, дабро.

няўдзя́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не праяўляе ўдзячнасці за зробленыя паслугі. [Элінора] гаварыла, гаварыла... Ён і жорсткі чалавек, і няўдзячны сын, колькі турбот мела праз яго маці. Лынькоў. [Сяргей:] — Не магу прычыняць [Еве Аўсееўне].. лішніх клопатаў. Яна, як родная маці, даглядала мяне. Нельга быць няўдзячным. Машара.

2. Які не апраўдвае патрачаных намаганняў, надзей. — Табе трэба кінуць гэтую няўдзячную літаратурную работу, Ігнат, — гаварыла .. [Вікторыя Аркадзеўна]. Паслядовіч.

няўдо́біца, ‑ы, ж.

Зямля, малапрыгодная для пасеваў сельскагаспадарчых культур. Год на год не прыходзіцца: узяткі мёду залежаць ад таго, што расце на бліжніх палях і як родзяць травы на заросшай кустоўем няўдобіцы. Навуменка.

няўёмны, ‑ая, ‑ае.

Які нельга, цяжка стрымаць; нястрымны. Няўёмны запал. Няўёмны жаль.

няўжо́, часціца пытальная.

Ужываецца ў пытальных сказах у значэнні: хіба, ці магчыма, выказваючы апрача пытання сумненне, недавер, здзіўленне. — Няўжо гэта запіска майго брата? — задумаўся Мікола. Якімовіч. — Няўжо ты не верыш мне? — запытаўся я, адчуваючы невыразны боль у сэрцы. Асіпенка. «Няўжо заблудзіўся? Напэўна, збочыў улева», — падумалася мне. В. Вольскі.

няўжы́ўчывасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўжыўчывага.