нясце́рпны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які цяжка, нельга цярпець; невыносны. Нясцерпны холад. Нясцерпная спёка. □ Ад нясцерпнага болю Жодзінаў страціў прытомнасць. Мяжэвіч. Гул ішоў з неба, залітага нясцерпным сонечным ззяннем. Самуйлёнак. // Нязносны, назойлівы. Леў Раманавіч пачаў дакараць сябе. Ён, сапраўды, нясцерпны чалавек. Асіпенка.
нясці́пласць, ‑і, ж.
Уласцівасць нясціплага; нетактоўнасць.
нясці́плы, ‑ая, ‑ае.
Які не вызначаецца сціпласцю. — Ну як я?.. — спыталася.. [Лёдзя] у Кіры, не баючыся здацца нясціплай. Карпаў. // Які выкліканы нясціпласцю; які выражае адсутнасць сціпласці. [Іван:] — Прабачце, Зорык, за нясціплае пытанне. Чаму вы ўсё ж пайшлі туды працаваць? Новікаў.
нясы́тны, ‑ая, ‑ае.
Недастаткова сытны; непажыўны. Пасля .. нясытнай, але гарачай і смачнай.. стравы людзей ахапіла лянота, тая, калі не хочацца ні гаварыць, ні нават варушыцца. Асіпенка.
нясы́ты, ‑ая, ‑ае.
Які набраў мала сала, тлушчу (пра жывёлу, якая ідзе на забой). Нясытае парася.
нятле́ннасць, ‑і, ж.
Уст. Уласцівасць нятленнага.
нятле́нны, ‑ая, ‑ае.
Уст.
1. Які не паддаецца гніенню, тленню. Нятленныя мошчы.
2. перан. Які ніколі не знікае; вечны. Літаратурны твор — гэта не толькі праўдзівы дакумент эпохі, а такім ён павінен быць абавязкова, але і нятленны помнік мастацтва. Юрэвіч.
нятлу́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які змяшчае ў сабе мала тлушчу, даволі посны. Нятлустае мяса.
2. Які мала змяшчае ў сабе карысных для раслін рэчываў. Нятлустая глеба.
нято́пкі, ‑ая, ‑ае.
Які не можа (лёгка) тапіцца, плавіцца.