Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пракле́йшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да праклейшчык.

праклён, ‑у, м.

1. Лаянкавае слова, лаянка, абурэнне. Але Базыль, не зважаючы на лаянку і праклёны жонкі, хутка прапаў у чорных дзвярах сянец... Нікановіч. — Каб на вас халера, — паслала.. [Алаіза] некаму праклён. Арабей.

2. Крайняе асуджэнне, якое суправаджаецца злавесным прадраканнем, пажаданнем. — Праклён вайне! — вось што.. [Томас] сказаў. Васілёнак.

3. у знач. выкл. Ужываецца для выказвання гневу, раздражнення, абурэння. [Клюге:] Але ніхто не думае здавацца, Ніхто не трусіць... О, праклён!.. Бачыла.

праклёўвацца, ‑аецца.

Незак. да праклюнуцца.

пракліна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да праклясці.

праклы́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Прайсці клыпаючы, кульгаючы. [Шафёр:] — Я разлічыў, што яны павінны праклыпаць, пакуль я даеду, але адно.. гусяня, мабыць з перабітымі нагамі, перавальваецца з боку на бок і якраз меціць пад колы. Кулакоўскі.

праклю́нуцца, ‑нецца; зак.

Разм.

1. Паказацца з яйка, прабіўшы шкарлупіну дзюбай (пра птушак). Кураняты праклюнуліся.

2. перан. Прарасці. Была такая пара, калі вось-вось з зямлі праклюнуцца вострыя зялёныя парасткі травы, калі на дрэвах пачала набракаць заедзь квецені. Сабаленка. На стале ў слоіку з-пад варэння тры галінкі вярбы. Коцікі на іх распусціліся, праклюнуўся зялёны лісток. Навуменка.

праклясці́, ‑кляну, ‑клянеш, ‑кляне; ‑клянём, ‑кленяце; пр. пракляў, ‑кляла, ‑ло; заг. пракляні; зак., каго-што.

1. Падвергнуць праклёну. Крымянец больш не бачыць той цёмнай жанчыны, якая некалі пракляла яго і пракляцце якой як бы здзейснілася. Кучар. [Ілька:] — І яшчэ я думаю, каб мы кінулі сваё валацужнае бруднае жыццё,.. і каб мы ўсе працавалі... [Марта:] — Калі ты зробіш так, цябе пракляне ўвесь род... Каваль.

2. Моцна вылаяць, выказваючы гнеў, злосць, абурэнне. Праклясці ўсё на свеце. □ Пракляў Лявон Нарбутовіч і малацьбу, і малатарню, і сваю дурноту. Чарнышэвіч.

пракля́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад праклясці.

2. у знач. прым. Які выклікае праклён; ненавісны. Праклятая вайна. □ Спачатку вось трэба падумаць, як з гэтай праклятай зямлянкі хутчэй выбрацца. Шамякін. [Тэафіл:] — Ліхаманка брала мяне некалькі гадоў, а такі зглуміў хінай праклятую... Самуйлёнак. // Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. Пан пачынае з высокага ганка: — Як ты асмеліўся, галган пракляты, каля палаца хадзіць панібратам? Дубоўка.

пракля́цце, ‑я, н.

Тое, што і праклён. — Пракляцце лютым катам ад мяне, Ад жонкі партызана перадай! Танк. О, пракляцце!.. За што мне Гэткі суджаны лёс? Бачыла.

прако́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пракалоць ​1.

2. Дзірка, зробленая чым‑н. колючым. Раса абмывала босыя ногі і добра залечвала дзесяткі усялякіх праколаў, падбояў, крапіўных і камарыных укусаў. Кулакоўскі. // Дзірка, зробленая ў талоне або ў іншым дакуменце як знак парушэння правіл дарожнага руху. — Як жа гэта, таварыш Маргайлік, вы на чырвоны сігнал паехалі?.. Правы даўнія, праколаў няма і такое парушэнне... Кавалёў.