Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пражыві́ць, ‑жыўлю, ‑жывіш, ‑жывіць; зак.

У выразе: душу пражывіць — пракарміцца; падсілкавацца. [Тамаш:] Часам і кавалка хлеба ў хаце не было. Нічога не было. Душу не было чым пражывіць. Чорны.

пражына́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да пражынаць.

пражына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пражаць (у 1, 2 знач.).

пражы́так, ‑тку, м.

У выразе: на пражытак — для таго, каб пражыць. Вядома, з такім хлопчыкам і старая магла ўправіцца, але трэба ж сродкі на пражытак. Сабаленка. — На два тыдні нам хопіць на пражытак, а там я пайду на завод. Савіцкі.

пражы́тачны, ‑ая, ‑ае.

Неабходны для таго, каб пражыць, праіснаваць.

•••

Пражытачны мінімум гл. мінімум.

пражы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пражыць.

2. у знач. наз. пражы́тае, ‑ага, н. Тое, што пражыта, перажыта. Усплывалі вобразы пражытага, няясна вынікалі новыя. Колас.

пра́жыцца, ‑жыцца; незак.

1. Падвяргацца пражанню.

2. Разм. Пячыся на сонцы. Вымушаная раней увесь час пражыцца на санцапёку, .. [Паліна Фёдараўна] цяпер заўсёды знаходзіла вольнае месца пад парусінавым грыбам. Паслядовіч.

3. Зал. да пра́жыць (у 1 знач.).

пражы́цца, ‑жыву́ся, ‑жыве́шся, ‑жыве́цца; ‑жывёмся, ‑жывяце́ся; зак.

Разм. Патраціць на пражытак. Але Бачурка ведаў, што Сашка рызыкне пайсці да бацькі толькі тады, калі яны пражывуцца да апошняй капейкі. Гроднеў.

пражыццё, ‑я, н.

У выразе: на пражыццё — тое, што і на пражытак (гл. пражытак). Як бы там ні было, прыбыткаў з дома павінна хапіць.. [Амілі] на пражыццё. Чорны.

пра́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. што. Апрацоўваць моцным жарам перад спажываннем (зерне, арэхі, насенне).

2. каго-што і без дап. Моцна пячы (пра сонца, полымя і пад.). Ці то ад выпітага халоднага квасу, ці то частачка Аскольдавай радасці перадалася нам, ісці ў «Малінавы цвет» было лёгка, хоць сонца пражыла па-ранейшаму. Пальчэўскі. // перан. Мучыць (пра смагу). Хаця дзень быў халаднаваты, а ноч вільготная, рэзкая, Грушэўскага пражыла смага — каб хоць крыху вады ў рот узяць, усё было б лягчэй. Мурашка.

пражы́ць, ‑жыву́, ‑жыве́ш, ‑жыве́; ‑жывём, ‑жывяце́; зак.

1. Прабыць жывым які‑н. час; праіснаваць. Як .. [Гінка] магла пражыць з малым дзіцём без куханаў? Корбан.

2. Прабыць які‑н. час, жывучы дзе‑н. або як‑н. Раечка пражыла ў машыніста Герасіма некалькі дзён, не выходзячы з хаты. Лобан.

3. што. Патраціць на існаванне (грошы, сродкі). Пражыць усе грошы.

пражэ́кт, ‑а, М ‑кце, м.

1. Уст. Праект, план. Тады свае пражэкты абвяшчаў я. Былі яны вельмі шырокія. Карпюк.

2. Іран. Нездзяйсняльны, надуманы праект. Крэйдзік не любіць нейкія там пражэкты, не любіць, калі чалавек вярзе лухту. Савіцкі.

[Фр. projet ад лац. projectum.]