Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прагрэ́цца, ‑грэюся, ‑грэешся, ‑грэецца; зак.

Поўнасцю пагрэцца. Стоячы на ўзгорку, дзе зямля ўжо падсохла, прагрэлася і рунь па-вясноваму зазелянела, Іван Васільевіч па жартаўлівых рэпліках, па іншых дробязях, па тым, напрыклад, як прыкурвалі, як смяяліся, адчуў: раптам змяніліся адносіны да яго гэтых двух саўгасных кіраўнікоў. Шамякін. Лес ужо добра прагрэўся сонцам, ад сасняка, які рос недалёка, патыхала цёплай смалой і багуном. Хомчанка.

прагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., што.

Добра, поўнасцю нагрэць. [Якаў] садзіцца ў кабіну, каб прагрэць матор. Кулакоўскі.

прагугні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што і без дап.

Разм. Тое, што і прагугнявіць. За дзвярамі раптам зашоргалі босыя ногі, і той жа гаспадынін голас прагугніў: — Хм, хай бы ішла. Лобан.

прагугня́віць, ‑няўлю, ‑нявіш, ‑нявіць; зак., што і без дап.

Разм. Сказаць у нос гугнявым голасам. — Ды маўчы ты, нябож, — злёгку прыпалоханы маім нечаканым з’яўленнем, прагугнявіў у нос Назар. Сачанка.

прагудзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце; зак.

Разм. Тое, што і прагусці. Дзесьці далёка-далёка ледзь чутна прагудзеў паравоз. Лынькоў. Коней прывязалі да плота, і Хоміч, падзюбаўшы двума тоўстымі пальцамі ў шыбу, прагудзеў магічнае ў той час: — Эй, гаспадар, адчыні! Брыль.

прагука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Пракрычаць, гукнуць. — Цішэй, грамадзяне! — прагукаў .. [Рыгор] і абярнуўся назад. Гартны.

2. Гукаць некаторы час.

прагу́л, ‑у, м.

Няяўка на работу без уважлівых прычын. [Бялькевіч:] — У яго нават падлічана па месяцах, колькі прагулаў зроблена па кожнай брыгадзе. Савіцкі.

прагу́лачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прагулкі, прызначаны для прагулкі. Каб вярней папасці на сходку, .. [Рыгор] завідна прагулачным шагам пайшоў на Задзвінне. Гартны. Неяк нядзельным надвячоркам мы плылі на вялікім прагулачным параходзе. Грахоўскі. Да галоўнай алеі прымыкаюць прагулачныя дарожкі, таксама абсаджаныя дрэвамі. Гавеман.

прагу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Гулянне пехатой на свежым паветры або паездка на невялікую адлегласць для адпачынку. Пасля снедання і да самага абеду Уладзімір Ільіч, не адрываючыся, працаваў над кнігай, а пасля з хлопчыкам пайшоў на прагулку. Гурскі. Прагулка на гэты раз пачалася пасля абеду. На невялікай яхце было поўна народу. Дуброўскі.

прагу́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прагуляцца.

2. Зал. да прагульваць (гл. прагуляць у 2, 3 і 4 знач.).