Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

анды́йцы, ‑аў; адз. андыец, ‑дыйца, м.; андыйка, ‑і, ДМ ‑дыйцы; мн. андыйкі, ‑дыек; ж.

Народнасць, якая складае частку насельніцтва Дагестанскай АССР.

андына́рнік, ‑а, м.

Прыгонны селянін, які атрымліваў ад памешчыка андынарыю.

андына́рыя, ‑і, ж.

Месячная натуральная плата прадуктамі і адзеннем; такую плату памешчыкі выдавалі прыгонным сялянам, якія не мелі ў сваім карыстанні зямлі і працавалі на памешчыцкім полі. Назаўтра пан даў загад аканому павялічыць андынарыю Якіму. Нікановіч.

анекдаты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Чалавек, які любіць анекдоты і добра іх расказвае.

анекдаты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць анекдатычнага.

анекдаты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які нагадвае сабою анекдот. Анекдатычнае апавяданне. Анекдатычны выпадак.

2. Неверагодны, недарэчны, варты анекдота. Анекдатычнае паведамленне.

3. Як з анекдота. Анекдатычная слава. □ [Тужыкаў] — тугадум, як той анекдатычны фін, — на пытанне, якое гадалі раніцай, адкажа ўвечары. Шамякін.

анекдо́т, ‑а, М ‑доце, м.

1. Кароткае апавяданне пра смешнае або незвычайнае здарэнне. Наконт тытулавання па бацьку.. [Іван Мацвеевіч] зараз жа расказаў гаспадыні пікантны анекдот. Бядуля. Праўда, пра.. некаторыя арыгінальныя погляды [Понтуса] хадзілі анекдоты. Карпаў.

2. Разм. Незвычайнае смехатворнае здарэнне.

[Ад грэч. anekdotos — нявыдадзены.]

анексі́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да анексіі.

анексі́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да анексіраваць.

анексі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) анексію.