Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нямо́жна, безас. у знач. вык.

1. Не дазваляецца, забаронена. Цішэй — не патрывожце сну, Ступайце асцярожна, Уголас гаварыць няможна. Колас. [Чырун:] — Вы спацелі, і доўга стаяць на марозе няможна. Корзун.

2. Разм. Немагчыма, няма магчымасці; нельга. Стрымаць няможна грамаду, Калі яна на ворага ўзнялася. Корбан. Начальнік заставы яшчэ ўважлівей зірнуў на дзеда Талаша, — Што прымусіла цябе, айцец, ісці да нас? — Няможна стала мне жыць дома. Колас.

нямо́ўчны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і несціханы (у 1 знач.). Зямля разносіць працяжнае нямоўчнае рэха. Няхай.

нямо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка разбіць, зламаць, парваць і пад.; нетрывалы. Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. — Га... нямоцная, — сказаў Пошта. Крапіва.

2. перан. Які лёгка парушаецца; няўстойлівы, ненадзейны. Нямоцны шлюб. □ Нават у пагодныя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся.. [на востраў] у паляшуцкай торбе нялёгка,.. але і гэтая нямоцная сувязь з зямлёю пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Мележ.

3. Які мае невялікую фізічную сілу; слабы здароўем (пра чалавека). Нямоцны чалавек.

4. Які не вызначаецца вялікай сілай; даволі слабы. Нямоцны мароз. // Які дрэнна чуваць; ціхі. Голас, [пастуха] пасля сну быў нямоцны, высільвацца яму не хацелася. Мележ. Свіст быў тоненькі, нямоцны, быццам высвіствала нейкая маленькая птушачка. Даніленка.

5. Слабай канцэнтрацыі, ненасычаны. Нямоцны чай. // Які слаба дзейнічае. Нямоцны тытунь.

6. Неглыбокі. Лена спала нямоцным хваравітым сном і не прачнулася ад лёгкага стуку, а блізкае ўздыханне гаспадыні адразу разбудзіла яе. Кулакоўскі.

нямы́, ‑ая, ‑ое.

1. Пазбаўлены здольнасці гаварыць. Нямое дзіця. □ Спачатку я нават не ведаў, што там жаўцее, а потым успомніў, што гэта новы зруб нямога Паўла. Кулакоўскі. / у знач. наз. нямы́, ‑ога, м.; няма́я, ‑ой, ж. перан. Маўклівы, ціхі. Навокал — нямыя сосны, далей — гушчар. Карпюк. Скуты холадам даліны, Луг ляжыць нямы. Колас.

2. перан. Скрыты, затоены. Таня з нямым папрокам утаропілася ў Веру. Машара. У дзвярах стаіць маці. У яе посны выраз твару, у блеклых вачах нямое запытанне. Лынькоў.

•••

Нямая карта гл. карта.

Нямое кіно гл. кіно.

нямы́ты, ‑ая, ‑ае.

Якога не мылі; брудны. У хату носа паказаць нельга: неахайнасць, бруд, смурод. Міскі нямытыя на стале стаяць, хлеб непрыбраны. Колас.

няна́вісць, ‑і, ж.

Пачуццё моцнай варожасці, непрыязнасці. І старадаўняя нянавісць, выгадаваная вякамі гнёту і здзеку, гарэла цяпер у сялянскіх вачах вялікім гневам. Бядуля. Нянавісць да ворага.. зусім натуральна зыходзіць ад любві да радзімы. Брыль.

няна́скі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Не наш (у 1 знач.), не свой; далёкі. Нянаскі чалавек. □ Траскучы мароз размаляваў шыбы дзівоснымі ўзорамі нянаскіх кветак. «Маладосць».

ня́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

1. Жанчына, якая даглядае дзяцей у сям’і. Усе на працы. У парку адны нянькі з дзецьмі. Лынькоў. Старэйшыя дочкі.. служылі нянькамі ў крамнікаў. Бядуля.

2. перан. Той, хто апякае каго‑н., клапоціцца аб кім‑н. Радавым я матросам На эсмінцы служыў. Паліняў чуб цыганскі Ад солі марской. Боцман строгай быў нянькай На хвалі крутой. Жычка.

ня́ньчанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. няньчыць.

ня́ньчын, ‑а.

Які мае адносіны да нянькі, належыць няньцы. Няньчына хустка. □ Да няньчыных казак далучыліся народныя песні і гульні — натуральная жывая сялянская паэзія. Шырма.