нямі́ла,
1. Прысл. да нямілы (у 3 знач.).
2. безас. у знач. вык. Не падабаецца, не да сэрца. Як я цяпер разумею, бацьку няміла было леснікоўства, цягнула праца на зямлі. Лужанін. Было маркотна і няміла У тым пустым, здзічэлым полі. Колас.
нямі́ласць, ‑і, ж.
Непрыязнасць, непрыхільныя адносіны да каго‑н. Амерыканскія капіталісты пра негра ўспамінаюць толькі ў тым выпадку, калі ў іх з’яўляецца патрэба ў рабочай сіле, якую можна выкарыстаць за бясцэнак.. Узнагародай жа за ўсё гэта з’яўляецца няміласць. Філімонаў.
нямі́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не прыносіць радасці; абрыдлы. Змарыліся хлопцы страшэнна, а голад пачаў дапякаць, што і вясна і ўвесь свет зрабіліся нямілымі. Маўр. Нямілая Цітку стала і работа ў лесе. Лобан.
2. у знач. наз. нямі́лы, ‑ага, м.; нямі́лая, ‑ай, ж. Чалавек, які не выклікае сімпатыі.
нямко́, ‑а, м.
Разм. Тое, што і нямы (у 1 знач.). Маці мяне папярэдзіла, што дзядзька Піліп будзе ў нас жыць і што ён — нямко. — Як нямко? — доўга не разумеў я. — Не чуе нічога і не гаворыць. Сачанка.
нямно́га, прысл.
Мала, не вельмі многа. Аднымі рукамі нямнога зробіш. Прыказка. / у знач. вык. [Алесь:] — Прыехалі!.. Прашу — дваццаць капеек за дарогу — гэта нямнога! Ваданосаў.
нямно́гае, ‑ага, н.
Нязначная частка чаго‑н. Камлюк вырваў з блакнота лісток і, напісаўшы на ім некалькі слоў, працягнуў яго Ірыне Мікалаеўне. — Зайдзіце на склад... Нямнога, але тое-сёе выберыце там з прэпаратаў. На першы выпадак... М. Ткачоў.
нямно́гія, ‑іх; адз. няма.
Якія складаюць невялікую частку каго‑, чаго‑н.; асобныя, некаторыя. У тую зіму.. вымерз ледзь не да апошняга дрэва малады сад. Тыя ж нямногія дрэўцы, што неяк уцалелі, доўга-доўга.. не пладаносілі. Чыгрынаў. / у знач. наз. Аб невялікай колькасці людзей. [Панскія сынкі] надумаліся аднойчы сарваць дадатковы ўрок лацінскай мовы, а .. [Алесь], разам з нямногімі, раптам узбунтаваўся. Брыль.
нямо́гласць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць нямоглага. Марыя Хведараўна, перамагаючы сваю вяласць і нямогласць, узнялася з крэсла. Марціновіч.
нямо́глы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Слабы, хваравіты. І жыла ў ёй, у гэтай хатцы, старая, зусім нямоглая жанчына, якую ў нашай вёсцы і вялікія, і малыя, звалі баба Ёўга. Сачанка. Апошнія дні дажываў і Кручынін. Ён зусім аслабеў, стаў нямоглым, як стары. С. Александровіч. // Уласцівы такому чалавеку. Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым нямоглым крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны. Брыль.
нямо́жацца, безас. незак.
Разм. Нездаровіцца. — Чаго ты такая? — пытаю я. — Якая? — Не такая, як заўсёды. — Мне нешта няможацца. Сабаленка.