Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разва́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разважыць ​1.

разва́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разважлівага; цвярозы роздум. У кожны момант .. [міліцыянеры] маглі кінуцца на злачынцаў, але разважлівасць і вопыт гаварылі што пакуль яшчэ не час. Броўка. Петрык адказаў з сталай разважлівасцю: — А чаго баяцца? Гэта толькі малыя баяцца. Якімовіч.

разва́жлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць падумаць, разважыць, дзейнічае правільна і разумна. Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. — Яна [маці] жанчына разумная, разважлівая, ведае, што да чаго і як... Сачанка.

2. Які выяўляе разважлівасць, здольнасць разважаць. Гарачаму па натуры, рамантычнаму Валерыю якраз і не хапала яснага, разважлівага розуму і арганізатарскіх здольнасцей Кастуся Каліноўскага. Якімовіч. Крокі ў Сцяпана Захаравіча шырокія, цвёрдыя, гаворка разважлівая. Гурскі.

разва́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разважнага; здольнасць разважаць. У разведцы .. [Слесарэнка] быў незаменны, бо ў яго характары надзвычайная храбрасць шчасліва спалучалася з разважнасцю і цвярозым разлікам. Бураўкін. І баюся спудзіць Сваёй разважнасцю і мудрасцю халоднай Вось гэта свята неслухмяных ліній [у дзіцячых малюнках], яшчэ не зведзеных ні ў якія параграфы Вучоных кніжак. Сіпакоў.

разва́жнічацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Стаць не ў меру важным.

разва́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласціва развага, роздум; разважлівы. Млынар Стэфан Вялічка, чалавек разважны, спачатку падумае, пасля скажа. «Маладосць».

2. Які змяшчае ў сабе павучанне, параду і пад. Перад ім [Рыгорам] быў малады, і яму карцела сказаць мне разважнае слова старэйшага чалавека. Адамчык.

3. Спакойны, размерны, паважны. Ішоў сваёй разважнай, нетаропкай хадой час. Васілёнак. Ідзе з вайны салдат. Ідзе разважным крокам Каторы дзень здалёк І бразгае пры боку Запасны кацялок. Вітка.

разважны́, а́я, ‑о́е.

Такі, які прадаецца на вагу. Разважны тавар.

разва́жыць 1, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Раздзяліць на часткі з дапамогай вагаў. Разважыць цукар.

разва́жыць 2, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. каго-што. Разабраўшы абставіны, супаставіўшы факты, прыняць рашэнне ў якой‑н. справе. Я прыйшоў да Канстанціна Міхайлавіча з раніцы, як мы папярэдне дамовіліся, каб разважыць усе справы «на свежую галаву». Лужанін. Разважыла нас, як кажуць, вышэйшая інстанцыя: на рэспубліканскім аглядзе «Лядкоўская кадрыля» была адзначана як арыгінальны .. нумар. Сабаленка.

2. з дадан. сказам і без дап. Падумаўшы, вырашыць. Бацька разважыў, што без гаспадыні ніяк нельга, і ажаніўся другі раз. Крапіва. — Да світання туды не дабяжыш, — разважыла Зіна. — Хадзем лепш у бліжэйшую вёску і возьмем каня! Карпюк.

3. Падумаць над чым‑н., абдумаць што‑н. Брыгадзір рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такі рашучы выгляд, звычайна ён любіў параіцца, разважыць. Шамякін. Вы, што праходзіце няўзнак каля звычайнай хвойнай дошкі, спыніце на хвіліну шаг, зірніце ды разважце трошкі. Дудар.

разва́жыць 3, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Рассеяць, развеяць (непрыемнае пачуццё, гора і пад.). [Андрэю] было шкада дзяўчыны, і ён не ведаў, чым разважыць яе смутак. Сапрыка.

2. Супакоіць, адцягнуць ад якіх‑н. непрыемных пачуццяў, перажыванняў, займаючы каго‑н. размовамі, справамі і інш. Цяпер ужо Белы стараўся разважыць Максіма, па-мядзведжы тупаў ля яго, няўмела расказваў смешныя гісторыі. Машара. Людміла хоча разважыць яе, хоча, каб Рая менш думала пра сваю бяду, пра тое страшнае, што перажыла, каб прывыкала жыць такой, якая яна цяпер. Арабей.

развазны́, ‑ая, ‑ое.

1. Прызначаны для развозу, развозкі.

2. Такі, які развозіцца. Развазная бульба. Развазны тавар.

разва́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разваліць (у 3 знач.) і разваліцца (у 3 знач.).

2. Поўнае расстройства, разруха. У час змагання цёмных мас, У час галечы і развалу, Была апанавала нас Гання драпежная шакалаў. Крапіва. На ўсіх дварах развал І там тут. Куды ні глянь — Памыі, бруд. Корбан.

3. Разм. Раскіданыя, раскладзеныя ў беспарадку рэчы; беспарадак. Паходныя нашы манаткі — у поўным развале ляжаць на траве. Брыль.

4. Спец. Ворыва з адвалам пласта на абодва бакі і ўтварэннем у выніку гэтага шырокіх барознаў. Узараць у развал.

5. Уст. Месца, дзе гандлююць ужыванымі, старымі рэчамі, расклаўшы іх проста на зямлі. Да «Вярбы» было яшчэ далёка, але на развале, ля муроў, некалькі чалавек гандлявалі кнігамі. Караткевіч.

развалака́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. развалакаць — развалачы.