Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

полымегасі́цель, ‑я, м.

Спец. Прыбор для гашэння полымя.

полымепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны чым‑н. да полымя.

по́лымны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і палымяны. Мы крочым! Дарэмна па цёмных кутках Скуголіць падбрэхічаў зграя. З дарогі не звернем — Наш полымны сцяг Планеце шляхі азарае. «Вожык».

по́лымя, ‑я, н.

1. Агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць. А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску бульбу. Брыль. Агонь рос, шырыўся. Полымя.. лізала сцены, столь. М. Ткачоў. // Пра тое, што нагадвае такі агонь. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі букеты. І вось загарэлася Полымя кветак. Танк. Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі. Шамякін.

2. перан. Запал, уздым. Вакол шугала полымя партызанскай помсты, разгаралася барацьба не на жыццё, а на смерць супраць лютага ворага. Дзюбайла.

•••

З агню ды ў полымя гл. агонь.

по́льдэр, ‑а, м.

Спец. Адгароджаны ад мора дамбай, асушаны і апрацаваны нізінны ўчастак пабярэжжа Паўночнага мора.

[Гал. polder.]

по́льдэрны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да польдэра. Па рэкамендацыях даследчыкаў пачалі ўжываць падземныя воды для арашэння, будаваць польдэрныя сістэмы. «Звязда».

по́лька ​1,

гл. палякі.

по́лька ​2, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Танец у хуткім тэмпе, а таксама музыка да гэтага танца. [Надзя і Саша] танцавалі польку, кадрыль, факстрот. Гроднеў. Пасля Лізавета і Наталля выціналі голасам польку і колькі разоў прайшлі танцам па хаце. Чорны.

[Чэшск. polka.]

по́лька ​3, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Мужчынская стрыжка, пры якой валасы на скронях і на патыліцы злёгку падстрыгаюцца. Першым кінуўся ў вочы Станеўскі. Узмужнелы, пастрыжаны, як мелі звычай стрыгчыся нямецкія вайсковыя — пад высокую польку, з чорнымі і бліскучымі ад брыльянціну валасамі. Карпюк.

по́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і палявы (у 1, 2 знач.).

по́льскасць, ‑і, ж.

Уласцівасць, прыкмета польскага (у 1 знач.). [Пшэбора] Наўперад зняў канфедэратку, Як сведку польскасці ў краю. Колас.

по́льскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да палякаў, да Польшчы. У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны. Колас.

2. у знач. наз. по́льскі, ‑ага, м. Уст. Тое, што і паланэз.