няке́пскі, ‑ая, ‑ае.
Даволі добры, нядрэнны. Добры хутар! Месца вясёлае, усе выгоды пад рукою. Тут табе і зямля, і паша, і дровы. І зямля някепская... Колас. Дзяўчынка ведала, што бацька яе някепскі камбайнер. Даніленка.
някі́дкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які не кідаецца ў вочы; няяркі. У чалавека, які вёў размову з Мядзведзевым, просты, някідкі твар з кірпатым носам, валасы старчаком. Навуменка.
някле́тачны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які не мае клетачнай будовы. Няклетачнае рэчыва. Няклетачныя расліны.
няко́рмлены, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не кармілі; галодны. У хляве ў Акцызніка адзываліся запёртыя нанач, мусіць някормленыя, свінні. Пташнікаў.
няко́ўкі, ‑ая, ‑ае.
Які дрэнна куецца. Някоўкі чыгун.
няко́шаны, ‑ая, ‑ае.
Які не касілі, не скасілі. Сустрэлі.. [Андрэя з сям’ёй] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком, някошаныя, замшэлыя сенажаці. Пестрак. Паплавы стаялі някошаныя, і дзе-нідзе другі раз зацвіталі кветкі. Асіпенка.
някра́нуты, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не краналі. Нібы памытая бялізна, Сняжок някрануты рыпіць. Макаль. Дом быў зусім някрануты [снарадамі], толькі без шыб у вокнах. Галавач.
няла́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Дрэнны, нядобры. Ад паварота і да паварота Адным дажджам адкрыты семафор. Няладная, нялёгкая пагода. Спяць самалёты сонца і прастор. Чэрня. / у знач. наз. няла́днае, ‑ага, н. Яшчэ на сярэдзіне дарогі адчуў.. [Астап] няладнае. Лынькоў.
няла́ска, ‑і, ДМ ‑ласцы, ж.
Непрыхільнасць, нядобразычлівасць да каго‑н. — Як жа гэта так? — узрушылася бабка: — За што такая няласка, такое пакаранне? Што благога вы зрабілі? Колас.
няла́скавасць і неласка́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць няласкавага, неласкавага.