Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

по́даць, ‑і, ж.

Гіст. Падушны падатак, які плацілі сяляне і мяшчане ў дарэвалюцыйнай Расіі. Лес, да ніткі абадраны, Як за подаці мужык, Замест лісця ў бель убраны, Іней тчэ яму башлык. Колас.

по́дбегам, прысл.

Вельмі хутка, падбягаючы (рухацца, перамяшчацца). Жарнавік хадзіў подбегам, вечна спяшаўся — ці то на .. вытворчы аб’ект, ці на станцыю. Пестрак. Сёмка ківае галавой і подбегам накіроўваецца ў свой двор. Кавалёў.

по́дбежкам, прысл.

Тое, што і подбегам. Не раздумваючы, .. [настаўнік] таропка, амаль подбежкам пайшоў да кустоў. Галавач. Падцягваючы карацейшую нагу, .. [Міхал] подбежкам кінуўся ў бок алешніку. Васілевіч.

по́дбіўка, ‑і, ДМ ‑біўцы; Р мн. ‑бівак; ж.

Тое, што і падбіўка (у 2 знач.).

по́двязка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Тое, што і падвязка.

по́дзвіг, ‑у, м.

Гераічны, самаадданы ўчынак; важнае па свайму значэнню дзеянне. Працоўны подзвіг. □ Хто не разумее гэтых пачуццяў моладзі — змагацца, ісці на подзвігі, рызыкаваць жыццём?.. Васілевіч. Жыццё Веры Харужай — гэта подзвіг, яркі прыклад служэння Айчыне. «Маладосць».

по́дкалатка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Заправа з мукі і вады для некаторых відаў стравы.

по́дкуп, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. падкупляць — падкупіць (у 1 знач.).

по́дласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць подлага. Валодзя Полаз на поўны голас філасофстваваў аб подласці людзей, якія пішуць ананімныя пісьмы. Шамякін.

2. Подлы ўчынак. [Туравец] думаў пра ўцекача з нянавісцю і пагардай, бо лічыў, што няма большай подласці, чым кінуць у цяжкую хвіліну таварышаў. Мележ. [Шкуранкоў:] Ніякай подласці я яшчэ не зрабіў. Крапіва.

по́длетак, ‑тка, м.

Спец. Маладая птушка, якая толькі пачала вылятаць з гнязда.