Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нязна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі па колькасці, велічыні, сіле і пад. Нязначная сума грошай. Нязначны шум. □ Часамі Лабановічу здавалася, што школа адстае, што вынікі дасягнуты нязначныя. Колас. Гарадок [Лунінец] малады. Да правядзення чыгуначных шляхоў гэта быў зусім нязначны пасёлак. В. Вольскі.

2. Які не мае істотнага значэння; малаважны. Нязначныя змены. □ Уся сям’я сядзела за вячэрай, гаварылі аб самых нязначных справах. Васілевіч. Спадарожнікі перакідваюцца адзін з адным нязначнымі словамі, жартамі. Сабаленка. // Які не прыносіць вялікіх цяжкасцей. Нязначная просьба.

нязно́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нязноснага (у 1 знач.). Сцяпан прыдушыў у сабе роспачны енк і з яшчэ большай нязноснасцю адчуў уладарную патрэбу есці. Быкаў.

нязно́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што перавышае сілы, цярпенне, які пераносіцца з цяжкасцю. Нязносная гарачыня. □ Праўду кажуць, што з часам усё праходзіць, нават самы нязносны боль забываецца. Сабаленка. // Вельмі надакучлівы. Нязносны сусед.

2. Які доўга не зношваецца; вельмі моцны. [Марцін:] — Нейкі незнаёмы дзядзька прыйшоў і дае мне мае два кавалкі скуры з трансмісійнага паса.. Гэта ж нязносныя былі б падэшвы... Пестрак.

нязру́чна,

1. Прысл. да нязручны.

2. безас. у знач. вык., каму, з інф. Без дастатковай зручнасці для чаго‑н.; дрэнна. Марыльцы было нязручна сыходзіць [з трамвая]: абедзве рукі яе занятыя. Брыль.

нязру́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нязручнага (у 1 знач.). Нязручнасць жылля. // Абставіны, якія робяць што‑н. нязручным; недахоп. Побыт на невялікім рачным буксіры, вядома, мае свае нязручнасці. Краўчанка.

нязру́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены зручнасці ў карыстанні; дрэнна прыстасаваны для чаго‑н. Пад зямлёй праход нязручны, вузкі Выглядае просекай лясной. Аўрамчык. [Сцяпан:] — У.. [гаспадара явачнай кватэры], і праўда, куча дзяцей. Месца для шапірографа нязручнае. Арабей.

2. Які не садзейнічае поспеху, непрыдатны для дасягнення жаданых вынікаў. Нязручны момант.

няйна́кш, прысл.

Разм. Тое, што і няйначай. Падзівіліся мы.. дый рашылі, што няйнакш нешта благое здарылася з птушкай. Ляўданскі. Грышка ў вялікіх ботах — няйнакш матчыных, — у кароценькім кажушку крочыць паперадзе. Васілевіч.

няйна́чай,

1. прысл. Напэўна, іменна. Павел уважліва агледзеў кожную мясцінку, заўважыў пасохлыя галінкі бярэзніку, няйначай камісар наводзіў тут якую маскіроўку. Лынькоў. Зося дапускала, што калі.. [Рыгор] прыехаў, то няйначай павінен выйсці на рынак. Гартны.

2. у знач. пабочн. Хутчэй за ўсё, відавочна. [Нехта з дамашніх:] — І хто ж мог запаліць.. [стажок]? Пастушкі, няйначай. Колас. [Майбарада] зірнуў на чалавека. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай, студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган.

няке́млівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць някемлівага, адсутнасць кемлівасці. — Марыя Дзям’янаўна, выбачайце за маю такую слепату, някемлівасць, — прамовіў Грушка, — вось сяджу і не бачу, хто сядзіць са мною побач. Пестрак.

няке́млівы, ‑ая, ‑ае.

Які слаба кеміць; нездагадлівы. [Андрэй:] — От каб запалкі былі, агонь расклалі б. Ды дзе іх тут возьмеш? — Зусім ты някемлівы, — засмяяўся Васіль. — Брат жа твой курыць, а ты надзеў яго пінжак... Скрыпка.