плюснявы́, ‑ая, ‑ое.
Спец. Які мае адносіны да плюсны. Плюснявая косць.
плюсо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.
Спец.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плюсаваць.
2. Плюсавальная машына.
плюсо́ўшчык, ‑а, м.
Спец. Рабочы, які займаецца плюсоўкай, плюсаваннем.
плюсо́ўшчыца, ‑ы, ж.
Спец. Жан. да плюсоўшчык.
плюсь, выкл.
Разм.
1. Абазначае гук пры ўдары аб паверхню вады, пры пацалунку і інш.
2. у знач. вык. Адпавядае дзеясловам: плюскаць, плюснуць, плюснуцца. Нап’ецца гарэлкі, як вады гусь, А пасля сядзіць і вачыма плюсь. «Полымя». У доме згледзеўшы Мальвіну, Валенты пан і пан Самусь У ручку ёй галантна — плюсь І распыталі пра навіны. Колас.
плюх, выкл.
Разм.
1. Абазначае гук ад падзення чаго‑н. у ваду або іншую вадкасць. У ранішняй цішыні толькі і чулася: плюх, плюх... Ігнаценка.
2. у знач. вык. Адпавядае дзеясловам: плюхнуць, плюхнуцца і плюхаць, плюхацца. Я глядзеў направа, а з левага боку — плюх за шыю нешта халоднае. Жычка.
плю́ханне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плюхаць — плюхнуць і плюхацца — плюхнуцца. Чуваць плюханне і скрогат плывучых крыг. Чарнышэвіч.
плю́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Пералівацца, ударацца аб што‑н. (пра вадкасць). Нарэшце човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада. Маўр.
2. Перамяшчацца, рухацца ў вадзе, балоце або іншай вадкасці, распырскваючы яе і робячы пры гэтым характэрныя гукі. Салдаты з аўтаматамі плюхаюцца па гразі. Кулакоўскі.
3. Купацца, мыцца, распырскваючы ваду. У мелкай рэчцы з крутымі берагамі плюхаліся голыя хлапчукі. Асіпенка. Пасля дарогі асалода была плюхацца над белым умывальнікам, надзяваць чыстую сарочку, завязваць не вельмі звыклы гальштук. Мележ. // Абдаваць сябе або каго‑н. пырскамі.
4. Падаць, шлёпацца ў ваду, гразь і пад. з пляскам. Скошаныя кулямі, снапамі падалі фашысты на абломкі ільдзін, плюхаліся ў ваду... Стаховіч.
плю́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да плюхнуць.
плю́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Упасці з шумам у ваду або іншую вадкасць; шлёпнуцца. Салдат спатыкнуўся ды плюхнуўся ў брудную лужыну. Якімовіч. Потым штосьці цяжкае плюхнулася ў ваду, і ўсё сціхла... Ваданосаў. // Грузна сесці на што‑н. — Паехалі! — крыкнуў генерал і плюхнуўся на сядзенне. Асіпенка. Яраш плюхнуўся, аж застагналі спружыны, у тое крэсла, дзе толькі што сядзеў Кірыла. Шамякін.
2. Скалыхнуцца з пляскам (пра ваду і інш. вадкасці) ад удару і пад.