Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нязме́нна, прысл.

Заўсёды, пастаянна. Я прапаную тост за Час! за Час, працуе што на нас настойліва, сумленна, нястомна і нязменна! Вярцінскі.

нязме́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нязменнага.

нязме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які не змяняецца, не можа быць зменены; пастаянны. Нязменныя прынцыпы.

2. Заўсёдны, звычайны для каго‑, чаго‑н., заўсёды аднолькавы. Сваю нязменную спадарожніцу плашч-палатку трымаў [Сагура] на плячы. Ракітны. У зубах сенатара — нязменная цыгара, на галаве — чорны фетравы капялюш, у руках — сукаватая масіўная палка. Гамолка. Таго, хто выходзіць з аўдыторыі,.. сустракаюць нязменным пытаннем: — Ну як? Шахавец.

3. Такі, якога не зменьваюць. Андрэй Паўловіч вось ужо колькі год — нязменны дэпутат сельскага Савета. Шыловіч.

4. У граматыцы — часціны мовы, якія не маюць форм скланення і спражэння.

нязме́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нязмернага; неабдымнасць. Нязмернасць прастораў.

нязме́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца вымярэнню; неабдымны. Ходзіць сонца У нязмернай шыры, Мерыцца нырнуць У пену хваляў. Хведаровіч.

2. перан. Незвычайна глыбокі, моцны (пра пачуцці). Ніхто ж дагэтуль не знайшоў, Чым вымераць нам да Радзімы Сваю нязмерную любоў. Непачаловіч.

нязмо́ўчны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і несціханы (у 1 знач.). Добра спіцца пад грукат нязмоўчнага млын[а]. Зарэцкі. Над палямі — жаўранкі нязмоўчныя, Над дубровамі — зялёны дым. Гілевіч.

нязмы́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цяжка або немагчыма змыць. Нязмыўны вугальны пыл.

2. перан. Такі, які нельга апраўдаць, загладзіць. Пязмыўная ганьба.

нязна́йка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑найцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Пра чалавека, які нічога не ведае. — Закон? — Наркевіч з нялюбасцю глянуў вялікімі сваімі вачыма на Чапялевіча. — Вы знаеце законы. А ці ведаеце вы, што закон забараняе красці? А крадзяце. Ну дык чаго вы цялём прыкідваецеся, нязнайкам. Ермаловіч.

нязна́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Не бачаны раней, невядомы; нявывучаны. Калі [сябры] наблізіліся, бачаць: Зусім нязнаны край зямлі. Танк. Ногі просяцца ў далеч нязнаных дарог, Свежасць ніў удыхнуць хочуць грудзі. Арочка. / у знач. наз. нязна́нае, ‑ага, н. І тады за сябрам следам Стаў чацвёрты гаварыць: — Да ўсяго патрэбны Веды, Каб нязнанае скарыць. Кірэенка.

2. Такі, якога не давялося перажыць, зведаць; нязведаны. З канвертам у руках.. [Алаіза] хадзіла па пакоі, адчувала, як нейкая нязнаная дагэтуль радасць поўніць яе. Арабей. Міця адчуваў сябе трывожна. Нязнанае, нязведанае раней пачуццё непакоіла яго і хвалявала. Навуменка.

нязна́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нязначнага.