няздо́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае здольнасцей, таленту. Няздольны вучань. // да чаго і з інф. Які не мае якой‑н. здольнасці, умення рабіць што‑н. Няздольны да музыкі. Няздольны маляваць.
2. Які не ўмее рабіць чаго‑н., не мае якасцей, уласцівасцей, патрэбных для чаго‑н. Васіль адступіўся ад натоўпу, павалокся на сваё поле. То стаяў, то тупаў, няздольны стрымаць.. непатрэбную кволасць. Мележ. Вялікае.. было ў.. [немцаў] расчараванне, калі яны заспелі пустыя шчыліны, разбітыя, няадольныя да бою гарматы. Лынькоў.
нязжа́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які застаўся на корані (пра злакавыя расліны). У лагчынах з поля — яно было справа — на шашу пасля цяпла дыхнуў рэдзенькі, халодны вецер, прынёс пах нязжатага ячменю і сухога сена. Пташнікаў.
2. Такі, на якім засталіся на корані злакавыя расліны. Пералівы жоўта-зялёнага колеру дрыжалі над нязжатым полем. Бядуля.
нязжы́ты, ‑ая, ‑ае.
Такі, ад якога яшчэ не пазбавіліся, які не зжылі. Бур’ян, шурпатыя будкі дачасных будынкаў, зямлянкі. Гэта яшчэ ўсё старое, нязжытае. Брыль.
нязла́джанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нязладжанага. Нязладжанасць у працы. Кампазіцыйная нязладжанасць твора.
нязла́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адбываецца неадначасова, нядружна. Нязладжаная работа. Нязладжаная страляніна.
2. Пазбаўлены гармоніі, несуладны. Нязладжаны хор. □ Пяюць [хлопцы] з ахвотай, самааддана, хоць галасы нязладжаныя — не паспелі спецца. Навуменка.
нязло́мнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нязломнага. Вы лепш запомніце, Каб несці праз гады, Сказ Аб нязломнасці Савецкага салдата... Кірэенка.
2. перан. Стойкасць, цвёрдасць у перакананнях, намерах і пад. Людзі пазнаюцца не на парадах, а ў барацьбе з ворагам, — там паказваецца іх нязломнасць. Гурскі.
нязло́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога нельга перамагчы, знішчыць; вельмі моцны. Няхай грыміць па белым свеце слава Пра шчасце мірнае, пра Новы год, Пра родную савецкую дзяржаву, Пра мужны і нязломны наш народ. Астрэйка. Ішлі мы ў маршах агнявых Нязломнай грознай сілай. Хведаровіч.
2. перан. Стойкі, цвёрды ў перакананнях, намерах і пад. Фучык сціснуў карандаш да болю, Ён маўчыць, нязломны камуніст. Ляпёшкін. // Які выражае цвёрдасць, стойкасць. Нязломная вера. □ [Вольга:] — А пра Буралома я табе дам знаць. Гэта — правакатар. Такое маё нязломнае перакананне. Пестрак.
нязло́сны, ‑ая, ‑ае.
Не схільны да злосці; добры. Нязлосны чалавек. // Які не выражае злосці. Нязлосная іронія. □ Голас у жанчыны абыякавы, нязлосны — відаць, прызвычаілася да позніх наведвальнікаў. Навуменка.
нязме́нлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нязменлівага. Нязменлівасць пачуццяў.
нязме́нлівы, ‑ая, ‑ае.
Які не мяняецца, не можа змяніцца; пастаянны. Нязменлівыя адносіны.