нязве́даны, ‑ая, ‑ае.
Які не даследавалі, не вывучалі раней. Цаліну штурмаваць вёз цягнік нас імклівы, У далёкую даль, у нязведаны край. Гілевіч. // Які не давялося перажыць, зведаць; незнаёмы. Сяброўства з пастушкамі было для мяне нязведаным шчасцем. Бядуля. Зусім новае, нязведанае пачуццё агарнула Алега. Гамолка.
нязвы́кла,
1. Прысл. да нязвыклы (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё нязвыкласці, якое адчувае хто‑н. Неяк нязвыкла глядзець на апушаныя снегам кусты чаромхі, якая паспела апрануцца ў зеляніну. Ігнаценка.
нязвы́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ўвайшоў у прывычку, не стаў прывычкай. Ліда паздароўкалася з настаўнікамі і ветліва запрасіла іх у хату. Яна была і задаволена і трох[і] саромелася яшчэ нязвыклай для яе ролі гаспадыні. Колас. // Непрывычны, незнаёмы. Ляцець належала ноччу. Усё ў самалёце было нязвыклае, чужое. Новікаў.
2. Які не звыкся з чым‑н., не набыў прывычкі рабіць што‑н. Коні палахліва стрыглі вушамі, касавурыліся назад і, нязвыклыя да гэткай дзіўнай работы — скародзіць дарогу, — бязладна торгалі пастронкамі. М. Ткачоў.
3. Не такі, як заўсёды. Клара глянула на.. [Васіля] нязвыклым позіркам шэрых вачэй і адразу ж прыкрыла іх доўгімі вейкамі. Асіпенка.
нязвы́чна,
1. Прысл. да нязвычны.
2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё нязвычнасці, якое адчувае хто‑н. Навокал было нязвычна ціха і спакойна. Мележ.
нязвы́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нязвычнага. Нешта гняце.. [Валодзю]: ні то сорам, ні то нязвычнасць становішча, у якое ён трапіў. Федасеенка.
нязвы́чны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца незнаёмым, новым для каго‑н., не ўвайшоў у звычку; непрывычны. І раптам, з самага прыходу, Марыля заўважыла ў траве каля кустоў.. нязвычную расліну. Дубоўка. Усё, што ўчора нам Здавалася нязвычным, Рэальнасцю жывой З лятункаў паўстае. Звонак.
нязвя́зны, ‑ая, ‑ае.
Які пазбаўлены паслядоўнасці, лагічнай сувязі. Хто хапаўся рукамі за валасы, хто мармытаў нязвязныя словы, а хто шаптаў малітвы. Бядуля.
нязга́слы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і нязгасны. Верасень рассыпаў журавіны, Быццам жар нязгаслы на імху, Гарбузы жаўтлявыя ўскінуў Даспяваць на хлеўчыка страху. Ляпёшкін. Пісьменнік яскрава паказвае нязгаслую веру рабочых у перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі. Кучар.