піск, ‑у, м.
Тонкі, высокі гук. Не паспеў Васіль спыніць каня, як жанкі з піскам і смехам шуганулі на снег. Васілевіч. Крыкі гандляроў, смех гуляючых, .. рык гавяды, піск свіней — усё злівалася ў адну шумную басовую ноту. Гартны.
піскатня́, ‑і, ж.
Разм. Працяглы многагалосы піск. Ад нечаканасці і страху я застыў на месцы і прастаяў так, не варухнуўшыся, з паўгадзіны, пакуль не сціх іх [пацукоў] шэлест і піскатня. Сяргейчык.
пісклі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі тонкі, вісклівы (пра голас, гукі). Тоненькім, пісклівым, як у птушкі, галаском .. [дзед Мірон] апавядаў майму бацьку былі. Бядуля. // Аб тым, хто мае такі голас. Пісклівы чалавек. // Які пішчыць (аб прадметах).
2. Які многа пішчыць, схільны да піску. — [Малыя] ўсе такія пісклівыя. Карпюк. Хто гнёзды ўе, хто ловіць мошак, — Сваіх пісклівых корміць крошак. Крапіва.
піскля́, ‑і, ж.
Разм. пагард. Той, хто часта пішчыць. // Пра чалавека з пісклівым голасам.
піскля́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і пісклівы. Услед пачуўся злосны пісклявы вокрык наглядчыка. Мележ.
піскляня́ і пісклянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Абл. Кураня, птушаня. Разам кормяць пісклянят, Хітрых і свавольных, Разам лётае атрад Па лугах раздольных. Агняцвет.
пі́скнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Тое, што і піснуць. Жаласліва піскнула непадалёку нейкая птушачка. М. Ткачоў. — Добры дзень! — тоненька піскнуў хлапчук, глянуўшы на мяне спадылба. Васілевіч.
піску́лька, ‑і, ДМ ‑льцы, ж.
Вадаплаўная птушка атрада гусепадобных.
піску́н, ‑а, м.
Разм. Той, хто часта пішчыць.