Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разбэ́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разбэсціць.

разбяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да разбегчыся.

•••

Вочы разбягаюцца — цяжка зрабіць выбар з-за мноства, разнастайнасці прапанаванага.

разва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разважаць ​1 і разважыць ​2; роздум. Раздумаў, разважыў Мікітка — Развагам навучыць бяда. Колас.

2. Думка, меркаванне, вывад, якія з’явіліся ў выніку роздуму, разважання. Я сяджу ў кабінеце, слухаю цікавыя развагі пра людзей і часам нібы нават бачу іх перад сабою. Кулакоўскі. Рэшту сала .. [брат] палажыў у кішэню з развагаю: — А гэта я занясу дадому Марыльцы. Чорны.

3. Тое, што і разважлівасць. Траціць развагу. □ Цвёрдая воля і здаровая развага [Бумажкова] адразу выявілася ў тым, што атрад стаў у першыя ж дні свае дзейнасці на самыя важныя ўчасткі. Чорны. [Кастусь] любіў са старэчаю развагаю гутарыць пра народнае жыццё і сялянскую долю. С. Александровіч.

развадзя́шчы, ‑ага, м.

Ваеннаслужачы, які выстаўляе вартавых на пасты і назірае за нясеннем імі службы. — Ты, Шкурдзя, будзеш за развадзяшчага, — распараджаўся Уладзік. — Як гэта за развадзяшчага? — А так, як у войску ў каравуле. Крапіва. — Развадзяшчы, — адказаў сержант Каваленка і ліхтарыкам асвяціў свой твар, каб Міхалёў пазнаў яго. Хомчанка.

развадны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які прызначаецца, служыць для разводкі (у 1 знач.). Развадны ключ (для разводкі пілы).

2. Такі, які можна развесці (у 2 знач.). Развадны мост.

разважа́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разважаць ​1.

2. Думкі, меркаванні, вывады, якія з’явіліся ў выніку роздуму над чым‑н. — Справа Карпавіча закончана, нават суд адбыўся. Звычайна яны падсаджваюць правакатараў да такіх палітвязняў, над якімі яшчэ ідзе следства. — Наіўнае разважанне! Хто ім забароніць узнавіць справу, калі з’явяцца новыя матэрыялы? Машара.

3. звычайна мн. (разважа́нні, ‑яў). Выказванні, размовы. Прося ў сваіх разважаннях ніколі не вызначалася лагічнай паслядоўнасцю — так было і на гэты раз. Васілевіч. — Верас! А-а-а!.. — здзівілася Юзя, але траціць часу на разважанні не стала. Бажко. Цяпер нярэдка можна пачуць разважанні аб тым, што байка, нібыта, аджыла ўжо свой век. Казека.

•••

Без разважання — адразу, доўга не думаючы.

разва́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разважыць ​1.

разважа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Супастаўляючы падзеі, паняцці і пад., мысліць, рабіць вывады; меркаваць, лічыць. І раптам яны ўдвух, рэдактар і загадчык аддзела рэдакцыі, пачалі горача разважаць: хто аўтар? Хто б гэта мог напісаць такі нарыс? Грамовіч.

2. Выказваць свае думкі, меркаванні, гаварыць аб чым‑н. — Якая гаспадыня, такі і дом, — разважаў .. [Комлік], апетытна закусваючы. Карпаў. Мы разважалі пра зіму, якая яна будзе сёлета — ляжа ўжо ці пачакае, ці гэта яшчэ толькі зазімак. Ермаловіч. // (звычайна з адмоўем). Доўга і падрабязна абмяркоўваць што‑н. Стары расчуліўся да слёз, Не разважаў ён доўга, У світку ўхутаў і павёз Хутчэй дамоў малога. Смагаровіч.

разважа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разважыць ​3.

разва́жванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разважваць — разважыць ​4.

разва́жвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да разважваць.