няда́ўна, прысл.
Не так даўно. Сцены нядаўна пабелены вапнаю. Чорны. За працай ніхто не заўважаў, як хутка ляціць час. Здавалася, зусім нядаўна абедалі, а тут ужо і змяркацца пачынае. Нядзведскі.
няда́ўні, ‑яя, ‑яе.
1. Які адбыўся ў недалёкім мінулым, незадоўга да сучаснага моманту. Хай змываюць хмары чыстымі дажджамі След вайны нядаўняй, што прайшла лясамі. Куляшоў. // Які існуе мала часу, узнік, з’явіўся нядаўна. Нядаўняе знаёмства. □ Старэюць многія нядаўнія песні. Караткевіч.
2. Які быў кім‑н. незадоўга да сучаснага моманту. [Ніна] ішла.. па вуліцы Мінска і раптам сустрэла свайго нядаўняга педагога. Шчарбатаў. [Каця] чакала Аўдоццю, але тая доўга не выходзіла з хаты. — Каго пільнуеце? — Да яе падышоў хлопец, нядаўні сусед. Гаўрылкін.
нядба́йла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай, ж.
Разм. Той (тая), хто абыякава адносіцца да сваіх абавязкаў, да справы; лянівы. Нядбайлы не шануюць бацькавага і свайго нічога не здабываюць, а ў гаспадарлівых дзяцей нават дзедаўскае ў пашане, хоць усё зроблена па-свойму. Пшыркоў.
нядба́йнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нядбайнага. — Я разумею сваю нядбайнасць і памылку, — сказала Таня да ўсіх прысутных. Грамовіч.
2. Нядбайныя, неруплівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Машыніст .. праявіў нядбайнасць, не ўжыў загадзя неабходных мер, якія б забяспечылі нармальны рух поезда. Васілёнак.
нядба́йнік, ‑а, м.
Разм. Той, хто нядбайна адносіцца да сваіх абавязкаў, да справы. Разам з іншымі рабочымі Вроня змагаецца з безгаспадарнасцю, з нядбайнікамі, з-за якіх шмат прадукцыі ідзе ў брак. Кудраўцаў.
нядба́йны, ‑ая, ‑ае.
Які абыякава, нядобрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў, спраў; лянівы. Быў тут раней брыгадзірам чалавек нядбайны і ўсё давёў да крайнасці. Кулакоўскі. І сынам трохі нездаволены дзед: нядбайны. Паспаць любіць. То печы, то жонкі пільнуецца. Колас. // Які сведчыць аб чыёй‑н. абыякавасці, нядобрасумленнасці. Нядбайныя адносіны да працы.
нядба́йства, ‑а, н.
Абыякавыя, нядобрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў, спраў. [Ваўчок:] — За нядбайства, за злоўжыванне маім давер’ем буду аддаваць пад суд і не пагляджу ні на якія прычыны. Хадкевіч.
нядба́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць нядбалага; нядбалыя, неруплівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Невялічкая вёска ў адну вуліцу выглядала непрыветна і непрытульна. На ўсім ляжала пячаць нядбаласці і нейкай недаробленасці. Колас.