Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нявы́рашанасць, ‑і, ж.

Стан нявырашанага.

нявы́рашаны, ‑ая, ‑ае.

Які не атрымаў вырашэння. Столькі працы наперадзе! Столькі нявырашаных задач! М. Стральцоў. Павольна і стомлена ішоў я з тужлівымі і нявырашанымі пытаннямі. Кірэенка.

нявы́светлены, ‑ая, ‑ае.

Які застаўся няясным, незразумелым. Нявысветленыя пытанні.

нявы́спаны, ‑ая, ‑ае.

Які не выспаўся. // Які бывае ў недаспаўшага чалавека. Таварыш Васіль азірнуўся, і вочы ўбачылі раскіслы, нявыспаны твар у жоўтай шчаціне няголенай барады. Пестрак.

нявы́трыманасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нявытрыманага.

2. Адсутнасць цвёрдасці, паслядоўнасці ў дзеяннях. Палітычная нявытрыманасць. □ [Ала] паспела ўжо добра-такі надакучыць хлопчыку. А ведаеце чым? Сваёй нявытрыманасцю. Юрэвіч.

нявы́трыманы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае дастатковай вытрымкі. Кацельшчык Мікалай Фёдаравіч — чалавек нявытрыманы, часам занадта рэзкі. Кірэйчык.

2. Які адступае ад прынятых прынцыпаў; непаслядоўны. Нявытрыманы стыль.

нявы́хаванасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нявыхаванага; грубасць.

нявы́хаваны, ‑ая, ‑ае.

Які не атрымаў належнага выхавання; грубы. Нявыхаваны хлопчык.

нявы́хад, ‑у, М ‑дзе, м.

Няяўка на працу, прагул. Спазненні альбо нявыхад на работу без уважлівых прычын тут [у «Рассвеце»] лічылі за надзвычайнае здарэнне. Паслядовіч.

нявя́нучы, ‑ая, ‑ае.

Які не вяне. То барвенкам наплываюць Думкі-ўзоры на канву, То ўплятаюцца пралескай У нявянучы букет. А. Александровіч.