Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нябо́жа, ‑а, м.

Разм. Тое, што і нябож (у 2 знач.).

нябо́жчык, ‑а, м.

Мёртвы чалавек; мярцвяк. У пакоі, дзе стаяла труна з нябожчыкам, было поўна аўтазаводцаў. Карпаў. // (звычайна ў дадатку). Ужываецца для таго, каб паказаць, што той, аб кім гавораць, не жыве. [Дзед:] — Мой бацька нябожчык на сваіх плячах з лесу сенцы вынасіў. Скрыган. [Палікар:] — Нябожчык Іван усё жыццё марыў аб шчасці, ды не дачакаўся, памёр, небарака. Кулакоўскі.

нябо́жчыца, ‑ы, ж.

Жан. да нябожчык.

нябо́сь, часціца ў знач. пабочн.

Разм. Ужываецца для ўзмацнення зместу выказвання ў значэнні: напэўна, відаць; ужо ж вядома. [Гаспадыня:] — А мае вы небажаткі, а мае саколікі... Замарыліся, нябось. С. Александровіч. [Бацька:] — Лажыся спаць, кажу! Заўтра, нябось, не дабудзішся цябе! Скрыган.

нябры́дкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае даволі прывабны знешні выгляд. За тры гады Даша падрасла і папрыгажэла.. Высокая. Зграбная і з твару нябрыдкая. Асіпенка.

нябры́ты, ‑ая, ‑ае.

Які не пабрыўся.

нябы́т, ‑у, М ‑быце, м.

Адсутнасць быцця, існавання, жыцця. Лічаныя дні, а можа гадзіны аддзяляюць .. [Нявіднага] ад цёмнага, жудаснага ў сваёй пустаце і маўклівасці нябыту. Колас. Мяне кудысьці імчыць, як лісцінку. У жыццё? У нябыт? Бядуля.

•••

Адысці ў нябыт гл. адысці.

нява́жна,

1. Прысл. да няважны (у 2 знач.).

2. у знач. вык. Не мае вялікага значэння. [Бацька:] — А дзе садзіць [кусты], гэта няважна: і тут наша зямля і там наша. Якімовіч.

нява́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае, вялікага значэння; малазначны. Многа каму здавалася тое, што.. [танкісты] робяць цяпер, няважным, амаль непатрэбным. Мележ.

2. Не зусім добры; дрэнны. Няважны настрой. □ Часамі Лабановічу здавалася, што школа адстае, што вынікі дасягнуты нязначныя, і што, наогул, ён няважны настаўнік. Колас. Няважныя, зусім благія справы. Без вестак палкаводзец не ваяка. Глебка.

няве́данне, ‑я, н.

Адсутнасць звестак аб чым‑н.; адсутнасць ведаў у якой‑н. галіне. Самая прыкрая рэч, калі чалавек знаходзіцца ў стане поўнага няведання. Колас. Кухарчык адчуваў, што няведанне чужых моў проста падразае яму крылы ў навуку. Сабаленка.