Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няба́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан нябачнага.

няба́чны, ‑ая, ‑ае.

Недаступны для зроку. Выключыўшы маторы, нябачны самалёт стаў ціха падыходзіць да поплава. Мележ. Шаргатліва прамчаўся над галовамі нябачны снарад і глуха ўдарыў аб зямлю дзесьці ў пушчы. Паслядовіч. // Скрыты, непрыкметны. Думала [Марыя Андрэеўна] аб нечым сваім, і Туравец адчуў, як між іх пралягла нябачная мяжа. Мележ. [Плацце] робіць Крысціну незвычайна лёгкай, быццам надае нябачныя крыл[ы]. Васілевіч.

нябе́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Які не бяліўся. Пакойчык быў запушчаны, даўно нябелены, змрочны і няўтульны. Колас.

2. Не апрацаваны бяленнем. — А гэта што? Колішні матчын святочны абрус? Дальбог, у нас такія ткалі — нябеленая аснова, белены ўток. Палтаран. Далёка ўнізе плылі рэдкія хмары колеру нябеленага палатна. Алешка.

нябе́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да неба. З нябеснай вышыні далятала журботнае і стрыманае курлыканне жураўлёў. М. Ткачоў. Ганна Паўлаўна захаплялася нябесным блакітам, гарамі, якія так гарманічна зліваліся з чароўным светам тутэйшых раслін... Вірня. // Які знаходзіцца ў міжзорнай і міжпланетнай прасторы. Нябесныя целы.

2. Які вывучаецца і прымяняецца ў астраноміі. Нябесны глобус.

3. Паводле рэлігійных уяўленняў — які знаходзіцца на небе. Нябесны рай.

4. Які мае колер неба; светла-блакітны. Нябесны колер.

5. перан. Цудоўны. Валя нахілілася галавой да рукі. І ўсмешка... усмешка нябесная заззяла на твары. Пестрак.

•••

Нябесная механіка гл. механіка.

Нябесны мерыдыян гл. мерыдыян.

Манна нябесная гл. манна.

Спадзявацца на манну нябесную гл. спадзявацца.

Царства нябеснае гл. царства.

Чакаць манны нябеснай гл. чакаць.

нябёсы,

гл. неба.

нябі́ты, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не білі, які не цярпеў ад пабояў. // перан. Разм. Які не зведаў строгай вывучкі. / у знач. наз. нябі́ты, ‑ага, м. За аднаго бітага двух нябітых даюць. Прыказка.

нябла́га,

1. Прысл. да неблагі.

2. у знач. вык. Нядрэнна. Вось папаўся першы шчупак. Невялічкі, але для пачатку няблага. Жычка.

няблі́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Даволі далёкі. А якім стаў Сож! Ад самай нашай вёскі і да няблізкага сіняга лесу на другім беразе ён раскінуў магутную шырыню вады. Кірэенка.

2. Які не з’яўляецца блізкім родзічам. Жыла ў гэтай хаце нейкая няблізкая сваячка. Лобан.

нябо́га, ‑і, м. і ж.

1. Абл. ДМ ‑бозе, ж. Дачка брата або сястры; пляменніца. [Цётка Вера:] — Ну от і ты прыйшла, ягадка мая! Цэлы тыдзень вачэй не паказаць! І гэта нябога называецца. Паслядовіч.

2. ж. Разм. Ласкавы або спачувальны зварот да малодшай па гадах. [Аўген:] — Дык не гаруй, мая нябога — Яшчэ аб’явіцца твой брат. Колас. — Ты, нябога, яшчэ маладая, каб мяне вучыць, — пакрыўджана абазваўся.. [дзед на Маню]. Васілевіч.

3. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑бозе, Т ‑ай (‑аю), ж. Разм. Той (тая), хто выклікае спагаду і жаль; бядак, сірата. З табой сняданне папалам падзелім, каб падужэла ты ў сваёй дарозе, каб весялей было табе, нябозе. Дубоўка. Мікіта захварэў. На ложку скурчыўся, нябога. Стагнаў, крактаў, гарэў... Корбан.

нябо́ж, ‑а, м.

1. Абл. Сын брата або сястры; пляменнік. — А праўда, сынок! — падумаўшы, сказала маці. — Ты маеш права... І ты ж.. [дзядзьку] нябож усё-такі. Ракітны. Побач са мною ляжала мая дубальтоўка, а на заднім сядзенні трымаліся напагатове два хлапчукі..: адзін — мой нябож.., а другі проста суседскі. Кулакоўскі.

2. Разм. Ласкавы або спачувальны зварот да малодшага па гадах.