Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ню́хальны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для нюху (у 1 знач.). Нюхальны нерв.

2. Прызначаны для нюхання. Нюхальны тытунь.

ню́хальшчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто нюхае тытунь, наркотыкі і пад.

ню́хальшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да нюхальшчык.

ню́ханне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. нюхаць.

ню́хаўка, ‑і, ДМ ‑хаўцы; Р мн. ‑хавак; ж.

Груб. Нос. [Валодзя:] — А ну зараз жа парві!.. — Не буду... — заенчыў Янік, сціснуўшы грошы ў кулаку і засунуўшы руку за пазуху. — Ах, не будзеш... Дык я табе ўсю нюхаўку растаўку... Дайліда.

ню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Абнюхваць адзін аднаго (пра жывёл).

2. перан. Разм. Збліжацца, вадзіцца з кім‑н.; згаворвацца. У мястэчку цешыліся, што з Ёшкам адбылося такое здарэнне, — казалі: «Добра... Гэта яму за тое, што нюхаецца з паліцыяй...» Пестрак.

ню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Удыхаць праз нос які‑н. пах. Перад самым домам стаяў вялікі сабака і, схіліўшы галаву, нюхаў нешта на зямлі. В. Вольскі. Старэйшыя калгаснікі выходзілі ў поле, бралі ў жмені зямлю, расціралі яе паміж пальцаў, нюхалі. Курто. Андрэй Сцяпанавіч запускаў руку то ў ячмень, то ў пшаніцу, перасыпаў з далоні на далонь зярняты, нюхаў іх. Бялевіч. // Удыхаць у нос (лекавы, наркатычны і пад. сродак). Нюхаць тытунь.

2. перан. Разм. Выведваць, высочваць. [Альжбета:] — Э-э! Я думала, хто там!.. Ажно нічога людскага. Толькі ездзіць ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае. Купала.

•••

(І) не нюхаў чаго — не зведаў чаго‑н., не знаёмы з чым‑н.; не мае аб чым‑н. ніякага ўяўлення.

Не нюхаць пораху — не быць на вайне, не ваяваць.

нюхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да нюхаць (у 1 знач.).

ня..., прыстаўка (гл. не...).

Ужываецца замест «не...» ў тых выпадках, калі націск падае на першы пасля прыстаўкі склад, напрыклад: нядобры, няшчасце, нялёгкі, нядужы, няўдзячны, нясвежы.

няба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Выключны, незвычайны (па сіле праяўлення). Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі. Нябачанымі да гэтага часу тэмпамі расцвітае эканоміка і культура. Пестрак. // Такі, які не сустракаўся раней, якога не даводзілася бачыць. Усіх ахапіла цікавасць... Хацелася бліжэй пабачыць гэту нябачаную штуку-самалёт. Чарот. [Музыку] прывезлі ў панскія пакоі, і ён здзівіўся нябачанаму ніколі багаццю. Чорны. // Таямнічы, дзіўны. Іван і Арцём дужа зблізіліся. Нейкія нябачаныя, невядомыя ніці прыцягвалі іх адзін да другога. Ставер.