уду́млівасць, ‑і, ж.
1. Здольнасць глыбока мысліць, глыбока ўнікаць у сэнс чаго‑н. У ім [Косцю] угадвалася сур’ёзнасць, удумлівасць — якраз тыя якасці, якія Вера цаніла ў людзях больш за ўсё. Шыцік. Паэт малюе вобраз Міхала з выключнай удумлівасцю, асцярожна і паступова. Навуменка.
2. Разм. Задуменнасць. На бялявым твары [Алесі] застыла ціхая ўдумлівасць чалавека, які сабраўся ў дарогу... Алешка.
уду́млівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны, схільны глыбока мысліць, глыбока ўнікаць у сэнс чаго‑н. Удумлівы пісьменнік. □ Перад маладой паэтэсай былі ўдумлівыя настаўнікі, і яна з ахвотай вучылася ў іх. Ярош. // Які выяўляе такую здольнасць, схільнасць. Удумлівыя вочы. □ Сакратар пачала гаварыць ціхім, удумлівым голасам, набліжаючыся тварам да калгасніцы. Пестрак. Паэт-рэаліст .. [Я. Купала] засяроджваў свой удумлівы позірк на ўсім чыста, што было жыццё. Лойка. // Які характарызуецца глыбінёй асэнсавання чаго‑н. Удумлівае чытанне. Удумлівы падыход. □ Я марыў пра вельмі ўдумлівую пастаноўку «Раскіданага гнязда». «Полымя». У .. [апавяданні] прыкметна выявіліся патэнцыяльныя творчыя магчымасці пачынаючага пісьменніка, яго ўдумлівыя адносіны да рэчаіснасці, да чалавека. Майхровіч.
2. Разм. Задуменны. Чырвонаармейцы ўздымаліся з ложка, таропка апраналіся і сядзелі маўклівыя, удумлівыя. Галавач.
уду́мнасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць удумнага.
уду́мны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і удумлівы (у 1 знач.). Удумныя адносіны Купалы да фальклору .. пачыналіся якраз з пераасэнсавання народна-песенных сюжэтаў і матываў. Лойка. / у паэт. ужыв. З Масквы, з Крамля хадою ўдумнай, Усенароднай, чалавечай, Праз поле, поплавы, буруны Ідзе, таварышы, камуна На свеце шчасце ўвекавечыць! Купала.
уду́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад удушыць.
уду́шванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. удушваць — удушыць.
уду́швацца, ‑аецца; незак.
Зал. да удушваць.
уду́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да удушыць.
уду́шлівасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан удушлівага.
2. Частае, цяжкае дыханне; удушша.
уду́шлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае ўдушша. Удушлівыя газы. // Які спірае дыханне, робіць яго цяжкім. Удушлівае паветра. □ Ахуталі ўсе бастыёны Агонь і ўдушлівы дым. Бачыла. Па густым і ўдушлівым паху канапель Багдан адчуў, што падыходзіць да Гугелевага агарода. Кулакоўскі. // перан. Які гняце, прыгнятае. Час, калі Мікалай Шчакаціхін пераступіў парог Маскоўскага універсітэта, быў навальнічна ўдушлівы. Ліс.
2. Такі, як пры ўдушшы. Усю зіму ледзь не ўсе палітвязні мелі хранічную прастуду і ўдушлівы кашаль. Машара.