Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разбуха́нне, ‑я, н.

Працэс паводле знач. дзеясл. разбухаць — разбухнуць.

разбу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Зрабіць вялікім па аб’ёму, памеру. — Хочаш мець нешта накшталт рабочага кабінета, — усміхнуўся Арцём Паўлавіч. — Я табе ў сваім з прыемнасцю куток аддаў бы, гэта мой папярэднік разбухаў такі вялікі. Шахавец.

разбуха́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да разбухнуць.

разбу́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які павялічыўся ў аб’ёме, набраўшыся вільгаці; разбраклы. Адной ноччу, па-веснавому цёмнай, бяззорнай, мы пакінулі акопы і пайшлі на захад па лясных разбухлых дарогах. Хомчанка. // Які наліўся сокам; набухлы. Разбухлыя бутоны.

2. перан. Непамерна павялічаны; раздуты. Разбухлыя штаты.

разбу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. разбух, ‑ла; зак.

1. Павялічыцца ў аб’ёме, набраўшыся вільгаці. Гарох разбух у вадзе. □ Зямля набрыняла вадой, разбухла, як перастаялае цеста. Асіпенка. // Напіцца сокам, пажыўнымі рэчывамі; набухнуць. Пупышкі разбухлі. // Расцягнуцца, расшырыцца. Кішэні фрыцавай вопраткі разбухлі. Кавалёў.

2. перан. Разм. Непамерна павялічыцца, разрасціся. Кніга разбухла за кошт цытат.

разбушава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; зак.

1. Пачаць моцна бушаваць; стаць бурным (пра стыхійныя з’явы). Пажар разбушаваўся. □ Уначы навальніца разбушавалася зноў. Карпаў. [Акіян] на другі дзень нашага плавання разбушаваўся і злосна са стогнам кідаў на цеплаход свае магутныя хвалі. Філімонаў.

2. перан. Разм. Пачаць буяніць, раз’ятрыцца. [Комлік] чакаў, што Кашын разбушуецца, учыніць скандал, але той толькі спахмурнеў на міг і падаўся ў кухню рыхтаваць закуску. Карпаў.

разбуя́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Разм. Пачаць моцна буяніць.

разбыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да разбыцца.

разбы́цца, ‑будуся, ‑будзешся, ‑будзецца; зак.

Разм. Распаўнець, растаўсцець, раздацца. Зайцаў ні разу не бачыў яго, але чуў ад іншых, што хлапец той не можа нават засмяяцца, бо гэтак атлусцелі і разбыліся ад раскошы яго шчокі. Кулакоўскі. А тут у нас прыязджаў Марыльчын інжынер — разбыўся, тоўсты, як кадаўб. Адамчык.

разбэ́рсаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разбэрсаць.

разбэ́рсацца, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Раскідацца, распусціцца. Валасы разбэрсаліся.

2. Тое, што і разбарсацца. У адным месцы абора разбэрсалася, анучы аб’ехалі ўніз. Чорны. Разы са два за дарогу разбэрсалася абора, і Хадора нагіналася, каб завязаць яе. Сабаленка.