Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маліто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Малітвены.

ма́ліца, ‑ы, ж.

Адзежа з капюшонам і рукавіцамі са шкуры аленя, якую носяць на Далёкай Поўначы. З нартаў саскочыў чалавек у маліцы — шырокай .. хантыйскай вопратцы, пашытай з аленевай шкуры ворсам усярэдзіну. «Маладосць».

малі́цца, малюся, молішся, моліцца; незак.

1. Звяртацца з малітвай да бога, святых. Акрамя няньчання дзяцей, у Васількі быў яшчэ адзін цяжкі абавязак — штодзень маліцца богу. Крапіва. А маці ноч бяссонную Малілася, каб бог Ад бед, ад гора чорнага Ёй сына пабярог. Панчанка. // перан. Вельмі моцна прасіцца. — Паночку, даражэнькі, — моліцца Сяргей, — няма ў мяне каня!.. Нікановіч.

2. перан.; на каго-што. Разм. Богатварыць, абагаўляць. [Маргарыта:] — Якія ж бываюць людзі, толькі падумаць! А Барыс жа на .. [Усевалада] маліўся. Скрыган. [Васіль:] — Я не намераны маліцца на лепшых звеннявых і на звенні, як вы робіце ў адносінах да Міхальчук. Шамякін.

малі́ць, малю, моліш, моліць; незак., каго і без дап.

Надта прасіць, умольваць. У ваччу ўстае Мікіта. Як прасіў, як маліў, як дакараў бацьку, каб вярнуўся на сход! Колас. — Вольга Назараўна! Толькі на вас і надзея! — маліла Ганна Лявонаўна. — Што ж мне рабіць, калі вы не дапаможаце? Корбан. І сэрцам [маці] маліла: хаця ж бы вярнуўся, хаця ж бы не ўбачылі сына фашысты. Гілевіч.

•••

Маліць бога — моцна жадаць чаго‑н.

мало́дзіва, ‑а, н.

Падобная на малако вадкасць, якая выдзяляецца груднымі залозамі ў жанчын і самак млекакормячых перад родамі і некалькі дзён пасля родаў.

мало́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм. Тое, што і маладзіца; маладуха. І раптам голас: «Эй, Ігнат! Пацеш малодак і дзяўчат». Колас.

мало́дшы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому менш год у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Іх было дзве сястры: Марынка і малодшая Ніна. Шыцік.

2. Ніжэйшы чынам, ніжэйшы па службоваму становішчу. Малодшы персанал. □ [Вейс] успомніў, што да гэтага часу не з’явіліся ў камендатуру яго два малодшыя афіцэры. Лынькоў.

3. Пачатковы, ніжэйшы (пра клас, курс і пад.). [Андрэй:] — У малодшых класах я марыў вывучыць мовы ўсіх народаў зямлі. Шамякін.

•••

Малодшы лейтэнант гл. лейтэнант.

мало́йчык, ‑а, м.

1. Уст. і нар.-паэт. Малады чалавек, хлопец; маладзец (у 1 знач.).

2. Пагард. Чалавек амаральных паводзін, які заслугоўвае асуджэння. Уварваўшыся ў вёску, эсэсаўскія малойчыкі без разбору забівалі старых, жанчын, дзяцей. Паслядовіч.

Мало́х 1, ‑а, м. (з вялікай літары).

Кніжн. Ужываецца як сімвал бязлітаснай сілы, якая патрабуе мноства чалавечых ахвяр. Малох вайны.

[Фінікійскае molek ад імя фінікійскага бога сонца, агню і вайны, якому прыносілі ў ахвяру людзей.]

мало́х 2, ‑а, м.

Аўстралійская яшчарка, цела якой пакрыта калючкамі.

[Лац. moloche.]

мало́цца, мелецца; незак.

1. Раздрабняцца на муку, размолвацца. Сухое жыта добра мелецца.

2. Зал. да малоць (у 1 знач.).