разбура́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разбурыцца.
2. Зал. да разбураць.
разбура́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разбурыць.
разбу́рвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разбурыцца.
2. Зал. да разбурваць.
разбу́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разбурыць.
разбуркава́цца, ‑куецца; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга буркаваць.
разбу́ркацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга буркаць. [Васіль:] — Я дастаў папяросу і вырашыў лепш памаўчаць. Ды тут на Вабрука найшла, як гавораць, хвіліна, — разбуркаўся, нібы пасмялеўшы бліжэй каля дому. Брыль.
разбурча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; ‑чымся, ‑чыцеся; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга бурчаць. Сабака разбурчаўся. □ Да частай бурклівасці мужа яна прывыкла, але прапусціць міма вушэй яго словы аб дачцэ азначала б няўвагу, абыякавасць, а з-за гэтага Антось яшчэ больш разбурчаўся б. Хадкевіч.
разбуры́цца, ‑бурыцца; зак.
1. Разваліцца, разламацца, рухнуць. — За вайну шахты ўсе разбурыліся, ладзіць іх трэба. Галавач. // перан. Парушыцца, распасціся. У хаце Раманюка разбурылася мая сям’я. Савіцкі. — Прыміце з гэтага масіву толькі два гэтыя будынкі — і ўвесь ансамбль разбурыцца. «ЛіМ».
2. перан. Не ажыццявіцца, не спраўдзіцца. Перад Алесем стаяла дзяўчына. І адразу ўсе ягоныя ўяўленні разбурыліся. Тонкая і гнуткая ў таліі, шырокая ў клубах, высокая ў невялікіх грудзях. Караткевіч.
разбуры́ць, ‑буру, ‑бурыш, ‑бурыць; зак., што.
1. Разбіць, паламаць, разваліць, ператварыць у руіны. [Максім:] — Учора ўвечары перабраўся ў хату, а сёння разбурыў зямлянку... Шамякін. Цяпер жа Грысева хатка выглядае зусім адзінокай, бо вёску Паддубаўку немцы спалілі, пасеку разбурылі, а калгасныя агароды запуставалі. Кулакоўскі. // перан. Давесці да поўнага развалу. Разбурыць гаспадарку. // перан. Парушыць, прымусіць распасціся. Разбурыць сям’ю.
2. перан. Загубіць, знішчыць, расстроіць. Усе мыслі аўтара накіраваны былі на адно і білі ў адну цэль: разбурыць веру ў цара. Колас. Вайна бязлітасна разбурыла светлыя мары. Данілевіч. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любага чалавека, не так лёгка разбурыць. Скрыган.
разбурэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разбураць — разбурыць, дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. разбурацца — разбурыцца.
2. Вынік гэтага дзеяння, пашкоджанне, прычыненае гэтым дзеяннем. [Мікалай:] — Цяпер вось амаль усю зіму жыў у [Маскве], але разбурэнняў ніякіх не бачыў. Усё на сваім месцы. Шамякін.