Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пашы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Зрабіць больш шырокім; расшырыць. Пашырыць вокны. Пашырыць вуліцу. □ Пад скалой была даволі прыкметная западзіна. Яе вось хлопчыкі і вырашылі паглыбіць і пашырыць. Бяганская.

2. Павялічыць у колькасці, у аб’ёме. Пашырыць завод. □ [Лундзін:] — На той год яшчэ пашырым кармавую базу і адпаведна — павялічым колькасць кароў. Палтаран. // Зрабіць больш поўным, рознабаковым; паглыбіць. Пашырыць кола інтарэсаў. □ Выступленні хору перад салдатамі, перад жыхарамі горада, выезды з канцэртамі ў мястэчкі пашырылі мой дзіцячы кругагляд. А. Александровіч.

3. Зрабіць што‑н. шырока вядомым, даступным многім, пазнаёміць з чым‑н. многіх. Пашырыць перадавы вопыт. □ [Сымон:] Перш за ўсё трэба пашырыць ідэі камунізма сярод шырокіх пластоў народа. Колас. Голас Зыгмунта гучаў суха: — Згода. Значыць, мы павінны пашырыць погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных. Караткевіч.

4. Расшырыць кола дзеяння чаго‑н. Пашырыць наватарскі пачын па ўсёй рэспубліцы. □ Тым часам падполле Віленшчыны адрадзілася і нават пашырыла свой уплыў. «Полымя».

пашырэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пашыраць — пашырыць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. пашырацца — пашырыцца. Пашырэнне вопыту наватараў. Пашырэнне вытворчасці. Пашырэнне культурных сувязей.

2. Пашыраная частка чаго‑н. Дошка з пашырэннем. Труба з пашырэннем.

пашырэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм. Стаць шырокім, шырэйшым. За апошні час Юрка пашырэў у плячах, наліўся сілаю. Карпаў. Пашырэла раптам дарога — гэта да яе далучылася другая, што вяла з Хадакоў праз ельнік. Пташнікаў.

пашы́ў, ‑шыву, м.

Дзеянне паводле дзеясл. пашыць (у 1 знач.).

пашы́ўка, ‑і, ДМ ‑шыўцы, ж.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. пашыць (у 1 знач.).

пашы́цца ​1, ‑шыюся, ‑шыешся, ‑шыецца; зак.

Разм. Палезці, паціснуцца ў якое‑н. вузкае, глухое месца. Дзік нібы і не пачуў гэтага стрэлу. Чмыхнуў, здзекліва пакруціў хвастом і пашыўся яшчэ шпарчэй у гушчар. Сачанка.

•••

Пашыцца ў дурні — паставіць сябе ў нязручнае, смешнае становішча.

пашы́цца ​2, ‑шыецца; зак.

Стаць пашытым. Паклаўшы на куфар халат, шырокі, цвёрды, з белага новага кужалю — чуць пашыўся, Наста пачула, што ёй усё холадна ў плячах, ніяк не можа сагрэцца. Пташнікаў.

пашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.

1. Зак. да шыць.

2. і без дап. Шыць некаторы час.

пашэ́нціць, ‑ціць; безас. зак., каму і без дап.

Разм. Тое, што і пашанцаваць. Чалавек хадзіў доўга, нарэшце, яму пашэнціла: за парабка яму неяк усё ж удалося астацца. Чорны. З усходу на захад і з захаду на ўсход ад рання да вечара пыльным шляхам і чыгункай ідуць людзі. Гэта акружэнцы, бежанцы і палонныя, якім пашэнціла вырвацца з лагераў. Навуменка.

пашэ́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Час ад часу шаптаць.

пашэ́рхнуць, ‑не; зак.

Сшэрхнуць — пра ўсё, многае.