пашы́вачны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да пашыўкі. Пашывачны цэх. Пашывачная арцель.
пашыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
Шыпець некаторы час. Гусак трохі пашыпеў і змоўк.
пашыра́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто пашырае што‑н. Пашыральнік ведаў.
2. Спец. Прыстасаванне для пашырэння, расшырэння чаго‑н. Для павышэння праходнасці трактараў па балотных глебах Інстытутам механізацыі распрацаваны пашыральнікі гусеніц трактараў. «Беларусь».
пашыра́льніца, ‑ы, ж.
Жан. да пашыральнік (у 1 знач.).
пашыра́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для пашырэння, расшырэння чаго‑н.
пашы́ранасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пашыранага (у 2, 3 знач.).
пашы́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пашырыць.
2. у знач. прым. Павялічаны; больш поўны, чым звычайна, па складу, па зместу. Пашыранае пасяджэнне. Пашыраная праграма.
3. у знач. прым. Шырока вядомы, шырока распаўсюджаны. Пашыраная з’ява. □ Іменна стварэнне камічнай сітуацыі праз супрацьпастаўленне — найбольш пашыраны прыём у гумарыстычных купальскіх песнях. Ліс.
пашыра́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да пашырыцца.
2. Зал. да пашыраць.
пашыра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пашырыць.
пашы́рыцца, ‑рыцца; зак.
1. Стаць больш шырокім; расшырыцца. Трэшчына пашырылася. □ Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі. Сіняўскі.
2. Павялічыцца ў колькасці, у аб’ёме. Былы Гальвасаўскі млын пашырыўся на чатыры колы. Чорны. // Стаць больш поўным, рознабаковым. У тэматычных адносінах круг творчасці Ул. Дубоўкі значна пашырыўся. Глебка.
3. Стаць вядомым многім, распаўсюдзіцца. Хутка слава пра Маніну градку пашырылася далёка за межы ўласнага агароду. Якімовіч.
4. Расшырыць кола свайго дзеяння, ахапіць сабой. Пакуль хвароба не пашырылася, трэба было тэрмінова ізаляваць усіх хворых і зрабіць у хатах дэзінфекцыю. Шамякін. У новай пяцігодцы кінасетка Мінска пашырыцца. «Полымя».