Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аку́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да акучваць.

аку́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да акучыць.

аку́чнік, ‑а, м.

Плуг з дзвюма паліцамі для акучвання бульбы ці агародных раслін; абганялка.

аку́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; заг. акуч; зак., што.

Узрыхліўшы глебу, абгарнуць ёю сцяблы раслін каля нізу. Акучыць бульбу.

акушэ́р, ‑а, м.

Урач, спецыяліст па акушэрству.

[Фр. accoucheur.]

акушэ́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жанчына з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, якая мае права самастойна аказваць дапамогу пры родах.

акушэ́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае. дачыненне да акушэрства, акушэра. Акушэрскія курсы. Акушэрская практыка.

акушэ́рства, ‑а, н.

1. Галіна медыцыны, якая вывучае дзетародную функцыю жанчыны, сродкі ўрачэбнай дапамогі пры цяжарнасці, родах і ў пасляродавы перыяд. Спецыяліст па акушэрству. Лекцыі па акушэрству.

2. Дзейнасць акушэра, акушэркі. Займацца акушэрствам.

акцёр, ‑а, м.

Прафесійны выканаўца роляў у спектаклі. [Буйніцкі] быў тыповым акцёрам старога складу на так званыя характарныя, бытавыя ролі. «Полымя». // Разм. Пра чалавека, які паказвае сябе інакшым, чым ён ёсць; прытворшчык.

[Фр. acteur.]

акцёрскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да акцёра, акцёрства.