нікчэ́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Неістотны, нязначны. [Сухадольскі:] Магчыма, што мы з вамі так бы і засталіся ворагамі на ўсё жыццё, каб не ўмяшалася ў справу трэцяя зацікаўленая асоба. Перад яе веліччу нашы асабістыя крыўды здаюцца дробнымі і нікчэмнымі. Крапіва. // Пазбаўлены змястоўнасці; пусты. Саша крыху супакоілася, і цяпер яе раздражняла гэтая, як ёй здавалася, нікчэмная размова аб непатрэбных і дробязных падзеях і рэчах. Шамякін. // Нікуды не варты; які выклікае пагарду. [Юзік] ішоў па вуліцы нейкі змізарнелы, без пугі, нікчэмны і прыгорблены. Хадановіч.
2. Нізкі ў маральных адносінах, нягодны. [Алесь] рабіўся.. для мяне нікчэмным чалавекам, паскудным, брыдкім; я не мог зносіць яго. Адамчык. Ад легкадумнай слепаты — Крок да нікчэмнага намеру. Лойка.
3. Вельмі дрэнны, няўдалы; малы. Нікчэмны ўраджай. □ Карабель вялікі, але ўжо стары і нікчэмны. Быкаў. Паша ў Маргах таксама была нікчэмная і ад засценка далёка. Чарнышэвіч. Жыта было нікчэмнае, малаціць яго — адна пакута. Мележ.
ніло́ты, ‑аў; адз. нілот, ‑а, М ‑лоце, м.; нілотка, ‑і, ДМ ‑тцы; мн. нілоткі, ‑так; ж.
Група афрыканскіх плямён, што засяляюць тэрыторыю па верхнім цячэнні ракі Ніла.
ніло́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нілотаў, які належыць, уласцівы ім. Мовы нілоцкай групы.
німб, ‑а, м.
1. Ззянне ў выглядзе круга вакол галавы як сімвал святасці (на іконах, карцінах рэлігійнага зместу). // Пра які‑н. ззяючы круг. Ліхтары ў німбах, як месяц пад поўню, калі варожыць на змены, — угары туман. Пташнікаў.
2. перан. Атмасфера славы, поспеху вакол каго‑, чаго‑н. Німб славы. □ Я ганарыўся німбам сваім, я шанаваў сваё званне. Вярцінскі.
[Ад лац. nimbus — воблака, туман.]
ні́мфа, ‑ы, ж.
1. У грэчаскай міфалогіі — бажаство ў выглядзе жанчыны, якое ўвасабляе сабою розныя сілы прыроды.
2. У заалогіі — другая стадыя развіцця лічынкі некаторых насякомых.
[Грэч. nymphē — нявеста, маладая жанчына; німфа.]
німфама́нія, ‑і, ж.
Спец. Хваравіта-павышаная палавая ўзбуджальнасць у жанчын.
[Грэч. nymphē — нявеста, маладая жанчына і mania — вар’яцтва.]
німфама́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак, ж.
Жанчына, якая хварэе на німфаманію.