паўлітро́вы, ‑ая, ‑ае.
Які змяшчае паўлітра. Паўлітровая бутэлька. □ У засені дрэў, што раслі на ўзмежку дарогі да тарфянікаў, на белых хусцінках былі раскладзены агульныя прыпасы: вяндліна, свежыя агуркі, хлеб, стаяла ў паўлітровай банцы масла. Савіцкі.
паўлітро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Разм. Бутэлька ёмістасцю ў паўлітра, звычайна напоўненая гарэлкай. — Вось ён прыходзіць увечары да яе ў хату, паўлітроўку на стол, — і Мальвіна паказала жэстам, як Мачулін з упэўненым гонарам ставіў бутэльку. Дуброўскі. Бацька пакроіў хлеб і парэзаў тонкае сала. Выняў з торбы маладую цыбулю і паўлітроўку малака. Брыль.
паўлітэ́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Тое, што і паўлітроўка. Зарына сказала: — Можа, вып’еце, мужчыны? — і паставіла на стол пачатую паўлітэрку гарэлкі. Шамякін.
паўляжа́ць, ‑ляжу, ‑ляжыш, ‑ляжыць; ‑ляжым, ‑лежыце; незак.
Ляжаць з прыўзнятай верхняй часткай тулава, звычайна апіраючыся на што‑н. На яго месцы ў крэсле сядзеў Караба, а на канапе паўляжаў.. Лапшоў. Асіпенка.
паўма́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Умазаць, замазаць усё, многае або ўсіх, многіх. Паўмазваць кручкі ў сцены. Паўмазваць рукі ў сажу.
паўма́лпы, ‑аў; адз. паўмалпа, ‑ы, ж.
Жывёлы, якія займаюць прамежкавае становішча паміж малпамі і ніжэйшымі млекакормячымі; лемуры.
паўма́са, ‑ы, ж.
Спец. Маса валакна (з драўніны і другой сыравіны), з якой шляхам далейшай перапрацоўкі атрымліваюць папяровую масу.
паўма́ска, ‑і, ДМ ‑месцы; Р мн. ‑масак; ж.
Вузкая маска, якая закрывае толькі частку твару (звычайна лоб, бровы і нос).
паўмацо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Умацаваць усё, многае.
паўме́жак, ‑жка, м.
Разм. Тое, што і узмежак. На паўмежках і пры крушнях у полі раслі старыя развесістыя яблыні і грушы. Машара. Часам здаралася, што баба брала .. [Косцю] з сабою ў агарод. Садзіла на паўмежак. Грамовіч.