Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паўклада́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Укласціся — пра ўсіх, многіх. [Якім:] Заўтра вечарам, як толькі ўсе паўкладаюцца, — я ўжо ў садзе пад акном буду цябе чакаць. Купала.

паўклада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Укласці ўсіх, многіх або ўсё, многае. Было вырашана паўкладаць дзяцей спаць, а раніцай відаць будзе, што трэба рабіць. Гурскі. — Бо так мой гарод, а во так, побач, яго. Стану пчол падглядаць, дык дзеці галовы ў дзіркі паўкладаюць і... Што ж, хочацца салодкага. Ермаловіч.

паўкла́двацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Тое, што і паўкладацца.

паўкла́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Тое, што і паўкладаць.

паўко́ла, ‑а, н.

Паўзамкнутая крывая лінія; тое, што мае форму такой лініі, размешчана па такой лініі; паўкруг. — Тут вось і вырасце гігант зусім новай для Беларусі галіны індустрыі, — прамовіў Мікалай Міхайлавіч, апісваючы рукой шырокае наўкола. Хадкевіч.

паўко́льца, ‑а, н.

Тое, што і паўкальцо.

паўко́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Укапаць усё, многае. Паўкопваць слупы.

паўко́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Укаціць усё, многае. Паўкочваць бочкі пад павее.

паўкро́к, ‑у, м.

1. Адлегласць, роўная палавіне кроку. Як бы хацелася Васілю ісці ў нагу з гэтымі людзьмі і ніколі нават на паўкроку не адставаць! Кулакоўскі.

2. Рух нагой у час хадзьбы, у выніку якога пераадольваецца адлегласць, роўная палавіне кроку. Гэта было так нечакана, а малюнак, які раптоўна адкрыўся яму, быў настолькі прыгожым, што Васіль Васільевіч спыніўся на паўкроку. Шашкоў.

паўкро́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які атрымліваецца ад скрыжавання чыстакроўнай жывёлы з простай; нечыстакроўны.