паты́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Тыцкацца некаторы час; тыцнуцца некалькі разоў. І дзіця, мабыць, адчула ласку — яно патыцкалася, патыцкалася тварыкам у цвёрдыя Галіны грудзі і заснула. Сабаленка.
паты́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Тыцкаць некаторы час; тыцнуць некалькі разоў. А ваўкі патыцкалі пысамі ў спіну, чмыхнулі і, не зачапіўшы ні Анастассі, ні Алёнкі, пагналіся за канём. Гроднеў. Даўгавата чакаў, а ён [ліс] усё не паказваецца. Потым, бачу, вылазіць і памаленьку, прынюхваючыся, ідзе ў мой бок. Пасля спыніўся, пакруціўся на адным месцы, патыцкаў носам у гной і давай яго разграбаць. Ляўданскі.
патэ́льня, ‑і, ж.
Тое, што і скаварада. Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Шамякін. За сталом бацька быў асабліва вясёлы, жартаваў і ўсё падкладваў мне з патэльні бліны. Савіцкі.
патэ́нт, ‑а, М ‑тэнце, м.
1. Дакумент, у якім засведчана права вынаходніка на яго вынаходства.
2. Уст. Пасведчанне на права займацца гандлем, промыслам.
[Ад лац. patens, patentis — адкрыты, яўны.]
патэнтава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. патэнтаваць.
патэнтава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад патэнтаваць.
2. у знач. прым. Такі, на які маецца патэнт. Патэнтаванае лякарства.
патэнтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.
Выдаць (выдаваць) патэнт або атрымаць (атрымліваць) патэнт на што‑н., замацаваць (замацоўваць) за сабой патэнтам. Патэнтаваць вынаходства.
патэ́нтавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да патэнта. Патэнтавыя зборы.
патэнтаздо́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які задавальняе ўсім патрабаванням на атрыманне патэнта.
патэ́нтны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і патэнтавы. Патэнтная заяўка.