малескі́навы, ‑ая, ‑ае.
Пашыты, зроблены з малескіну. Малескінавы касцюм.
ма́лец, мальца, м.
Разм. Падлетак, юнак; хлопец. Увесь іх выпуск — сто сорак мальцаў і дзяўчат — усе большыя за Міхася. Брыль. Выедзе пан Дастаеўскі да Варшавы, або ў госці да суседзяў, або на ловы ў пушчу, — палячка толькі таго і чакае. Гукне мальца да сябе і просіць, каб ён іграў. Гарэцкі.
мале́ча, ‑ы, ж.
Разм.
1. зб. Маленькія дзеці, жывыя істоты; драбната, драбяза. Малеча і старыя.. з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ. У школе дзевяцікласнікі не вельмі сябравалі з сямікласнікамі. Лічылі сямікласнікаў малечай. Арабей. Дзятлава малеча ў голым дупле на пацярусе і стружках вырастае. Клышка.
2. Маленькае дзіця, дзіцяня. Але глядзі, чаму не спіць малеча? Чаму з калыскі цягне ручаняткі? Дзяргай. Пашчыпваючы свае, яшчэ не па гадах залацістыя вусы, .. [конюх] гаварыў замілавана: — Малеча... А які конь, брат, вырасце! Якімовіч.
малёк, малька, м.
Маленькая рыбка, якая нядаўна выйшла з ікры. [Старшыня] прывёз аднекуль на машыне цэлую кадушку малькоў і запусціў іх у сажалку... Якімовіч.
малібдэ́н, ‑у, м.
Хімічны элемент, серабрыста-шэры цвёрды тугаплаўкі метал.
[Ад грэч. molybdos — свінец.]
малібдэ́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да малібдэну. // У склад якога ўваходзіць малібдэн. Малібдэнавая руда. // Зроблены з малібдэну. Лямпа з малібдэнавай ніццю.
малібдэні́т, ‑у, М ‑ніце, м.
Мінерал свінцова-шэрай афарбоўкі, з якога атрымліваюць малібдэн.
малі́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да малійцаў, які належыць, уласцівы ім. Малійская культура.