Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жыць, жыву, жывеш, жыве; жывём, жывяце; пр. жыў, ‑ла, ‑ло; незак.

1. Быць жывым, існаваць. — Гані ад сябе дрэнныя думкі, Таня, — сказаў Васіль Раманавіч, гледзячы ёй у вочы. — Чалавек будзе жыць, калі ён прагне жыцця. Новікаў. Аб усім утрая Клапаціцца гатоў, Быццам думаю я, Жыць яшчэ сто гадоў. Гілевіч. // Тварыць, дзейнічаць; карыстацца жыццём. Мы шляхам сонечным ідзём Перамагчы — і жыць. Наш кліч запаліцца агнём На новым рубяжы. Багун. Глушко.. не губляе гумару і добрага настрою. Суседзі лічаць — умее жыць, не прападзе ні пры якіх пераменах. Навуменка. // перан. Існаваць (пра нежывыя прадметы). Магутнасць вясны жыла ў лясах і ў полі. Чорны. У фальклоры словы сапраўды жывуць, змяняюцца, узбагачаюцца новым зместам, набываюць адценні, шліфуюцца, перайначваюцца. Шкраба.

2. перан.; чым і без дап. Быць ажыўленым, абуджаным чым‑н., поўным руху. Па мосце ішоў таварняк — чыгунка на Бярозаўскую ДРЭС жыла, дзейнічала. Дадзіёмаў. Ноч жыла ранейшымі гукамі — ні на хвіліну не змаўкалі трактары, заліваліся салаўі ў аддаленні. Хадкевіч.

3. Быць захопленым кім‑, чым‑н.; лічыць што‑н. галоўным у жыцці. Пятра так прывабіла магчымасць перайсці на штампоўку дэталі, якую яны дагэтуль выточвалі, ён так блізка прыняў да сэрца Андрэеву задуму, што і сам пачаў увесь час жыць ёю. Шахавец. Тры гады ён табою адною жыў, Заслужыў на сустрэчу салдацкае права ён. Панчанка.

4. Весці той або іншы спосаб жыцця, знаходзіцца ў пэўных умовах існавання. Жыць багата. □ І ўсе жылі ў згодзе, без сваркі. Колас. // чым, з чаго і на чым. Падтрымліваць сваё існаванне чым‑н. Нам плацілі бульбай, Бульбай мы жылі. Бядуля. Нідзе на службе.. [Іван Пятровіч] цяпер не быў па старасці год, а жыў з пенсіі. Якімовіч.

5. Знаходзіцца, пражываць дзе‑н. Жыць у вёсцы. □ —Тут жыве Гарус? — запытаўся.. госць. Чорны. // Насяляць што‑н., вадзіцца дзе‑н. На тэрыторыі СССР жыве шмат нацыянальнасцей. Зубры жывуць у Белавежскай пушчы.

6. Пражываць сумесна з кім‑н., сярод каго‑н. І не ведаў яшчэ Алёша, што ніколі не зразумее ён гэтага чалавека, — Стронен жыў адзін, Алёша жыў з людзьмі. Чорны. З ваўкамі жыць — па-воўчаму выць. Прыказка. // з кім. Разм. Знаходзіцца з кім‑н. у любоўных сувязях. — Гэта была адзіная жанчына, з якой я жыў да таго, як ажаніўся. Шамякін.

7. перан. Існаваць, мець месца (пра адцягненыя паняцці, вобразы і пад.). Жыць у легендах. □ [Наталля:] Чалавек жа хоча жыць і пасля смерці... у сваім патомстве, у сваіх справах. Крапіва.

•••

Жыць з мазаля — здабываць сродкі для жыцця сваёй уласнай працай.

Жыць можна — нічога сабе, так сабе (пра пасрэдныя, цярпімыя ўмовы).

Жыць сваім розумам — прытрымлівацца сваіх поглядаў, быць самастойным у сваіх дзеяннях, учынках.

Жыць сягонняшнім днём — не клапаціцца пра будучае.

Жыць чужым розумам — прытрымлівацца чужых поглядаў, не маючы самастойнай думкі.

Няхай жыве! — пажаданне поспеху, росквіту.

(Сам) бог жыве гл. бог.

У горы жыць ды з перцам есці — пра жаданне мець што‑н. пры адсутнасці ўмоў.

жы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Абл. Чырвоная істужка. [Стафан] паспеў яшчэ да вячэры прыбрацца.. і нават новую чырвоную жычку прыладзіў да каўняра сарочкі. Караткевіч.

жэ, нескл., н.

Назва літары «ж».

жэлаці́н, ‑у, м. і жэлаці́на, ‑ы, ж.

Сумесь бялковых рэчываў жывёльнага паходжання, раствор якой пры ахаладжэнні пераходзіць у студзяністы стан (выкарыстоўваецца ў тэхніцы, фатаграфіі, кулінарыі, медыцыне і пад.).

[Фр. gelatine.]

жэлаці́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жэлаціну, жэлаціны. Жэлацінавы цэх.

жэле́, нескл., н.

Салодкая студзяністая страва, якая гатуецца з фруктова-ягадных сокаў, малака і іншых прадуктаў з дабаўленнем жэлаціну. Яблычнае жэле.

[Фр. gelée.]

жэле́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіпы да жэле. // Зроблены з жэле. Жэлейны мармелад.

жэма́йты, нескл., н.

Старажытнае літоўскае племя, якое ў 13–15 стст. жыло ў заходняй частцы Літвы.

жэ́мчуг, ‑у, м.

Каштоўнае перламутравае рэчыва, якое мае форму зярнят і шарыкаў белага, ружовага, жоўтага, радзей чорнага колеру і здабываецца з ракавін некаторых малюскаў. Здабыча жэмчугу. // Выраб, аздоба з гэтага рэчыва.

жэньшэ́нь, ‑ю, м.

Далёкаўсходняя травяністая расліна сямейства араліевых, корань якой выкарыстоўваецца як лекавы сродак.

[Кіт.]