Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

патайні́к, ‑а, м.

Тое, што і тайнік. Дзед Іван узяў .. [партызана] на рукі і аднёс у свіран, дзе пад падлогай быў зроблены спецыяльны патайнік. Зуб.

пата́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і патайны́. Сход. На сходзе, як звычайна, Старшынёй таварыш Модзін; З нейкай думкаю патайнай Сход вачыма ён абводзіць. Купала. Кожную раніцу хлопчык акуратна збіраў свае кніжкі і сшыткі і ішоў на цэлы дзень куды-небудзь у патайнае месца. Там, схаваўшыся ад усіх, ён вучыўся пісаць. Колас. Палонны .. разаслаў шынель на зямлі, дастаў з патайнай кішэнькі самаробны ножычак. С. Александровіч.

патайны́, ‑а́я, ‑о́е.

Прызначаны для якой‑н. тайнай мэты, сакрэтны па сваёй будове, размяшчэнню. У мястэчку камендант задумаў зрабіць сабе ў агародзе бункер з патайным ходам. Карпюк. У патайным куце каморы, Як смерць Кашчэя, пад запоры Мядок быў хітра дзесь запёрты. Колас. [Вырай] дастае з патайной кішэні паліто некалькі пісем, раздае дзяўчатам. Навуменка. // Скрыты, тайны, пра які ніхто не ведае. — Хто ж яго, Сымонка, знае, І не нам судзіць аб тым: Гэта справа — патайная. Колас. Адкуль узяліся яны ў яе, гэтыя вершы... Недзе глыбока ўнутры яе рабілася нейкая патайная работа. Ганька адчувала яе, але ніяк не ўмела растлумачыць. Васілевіч. Вера адчула ў .. [Раміравых] словах патайны сэнс. Яна ж хацела сказаць зусім не тое, пра што думае ён. Асіпенка. // Скрытны, загадкавы. Следам за.. [Алесем і Уладзікам] — у акно і пад дрот — зусім нечакана вылезлі яшчэ дв[ое]. Нібы на злосць, найбольш нецікавыя: вялы ды кіслы Іванюк і пажылы Зданевіч, не проста важна-маўклівы, а нейкі патайны, непрыемна загадкавы чалавек. Брыль.

па́така, ‑і, ДМ ‑тацы, ж.

Густое, цягучае салодкае рэчыва — прадукт няпоўнага ператварэння крухмалу ў цукар. Бурачная патака. Варыць патаку.

•••

Хапіць шылам патакі гл. хапіць.

патака́льнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто патакае каму‑, чаму‑н.

патака́льніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да патакальнік.

патака́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. патакаць.

патака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Паблажліва, нястрога адносіцца да каго‑, чаго‑н.; патураць каму‑, чаму‑н. Баранок як быццам ва ўсім згаджаўся з Сомікам, патакаў яму. Крапіва. Але бацьку, які заўжды шанаваў, песціў яе і патакаў ёй ва ўсім, яна ў гэты момант не падабалася. Хадкевіч. [Аграном:] — Сардэчна дзякую вам за давер’е, за пашану, Але дамовімся адразу грамадой, Калі рабіць на полі, дык рабіць з душой, Я абібокам патакаць не стану. Валасевіч.

пата́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і падтакваць. Афіцэр слухаў, патакваў. Лынькоў. Апусціўшы казырок кепкі ад сонца на самы нос, ён пабліскваў з цянёчку хітрымі вачыма і часта патакваў расказчыку: «ага!», «а як жа!..» Брыль.

паталагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паталогіі. Паталагічная анатомія. Паталагічныя роды.

2. перан. Кніжн. Хваравіта-ненармальны. У жонкі Яраша рэўнасць набывае амаль што паталагічны характар, даходзіць да хваравітасці. «Полымя».

патала́ніць, ‑ніць; безас. зак., каму.

Абл. Пашанцаваць, пашчаслівіцца. [Селянін:] — Добры чалавек! Але вось шкада, што ў жыцці яму не паталаніла! Нікановіч.