Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

патава́ць, патую, патуеш, патуе; незак., што.

У шахматнай гульні — ставіць у пазіцыю пата ​1. Патаваць караля.

па́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пата ​1. Патавае становішча.

патагене́з, ‑у, м.

Спец. Паслядоўнасць узнікнення і развіцця ў арганізме якога‑н. паталагічнага працэсу ці хваробы ў цэлым, а таксама раздзел паталогіі, які вывучае гэты працэс.

[Ад грэч. páthos — хвароба і genesis — паходжанне, нараджэнне.]

патагене́зіс, ‑у, м.

Спец. Тое, што і патагенез.

патагенеты́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да патагенезу.

патаге́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Хваробны, хваробатворны. Патагенныя бактэрыі.

[Ад грэч. páthos — хвароба і gennao — раблю.]

патаго́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае ўзмоцненае выдзяленне поту. Патагонныя сродкі. // у знач. наз. патаго́ннае, ‑ага, н. Сродак, лякарства, якія выклікаюць ўзмоцненае выдзяленне поту. Прапісаць патагоннае. Выпіць патагоннае.

2. перан. Які надта стамляе, вымотвае ўсе сілы. Патагонная сістэма працы.

патае́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць патаемнага. Стагоддзі зямля маўчала, і людзі хадзілі па ёй і звыкліся з яе патаемнасцю. «Звязда». // Тайна, сакрэт. І бацюшка знарок ездзіў у Вільню, хадзіў там аж тры дні, пакуль знайшоў патрэбнае. Вось толькі не мог дадумаць, каму б .. даверыць тую патаемнасць. Прыглядваўся бацюшка да палешукоў, прыкідваў, хто б не падвёў. Кірэйчык.

патае́мнік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і тайнік. Якуб дастаў з патаемніка кавалак гаспадарчага мыла. Лупсякоў. [Міхалка] рабіў драўляныя скрыначкі з патаемнікамі, якія не кожны мог адчыняць. Бядуля.

патае́мны, ‑ая, ‑ае.

Скрыты ад іншых, схаваны. Атрад пераходзіў на новае месца, а ў старым лагеры пакідаў або вопытных праваднікоў, або ў патаемным месцы запіску, у якой паведамлялася, дзе цяпер атрад. Няхай. У лесе Коля ўзлезе на любое дрэва, ён умее падрабіць голас кожнай птушкі, умее знайсці самае патаемнае гняздзечка. Васілевіч. // Тайны, сакрэтны. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Караткевіч. Піліпка гаварыў ціха, стрымліваючы хваляванне. Яму даручаюць нейкую патаемную справу. П. Ткачоў. Ужо ідзе патаемная размова паміж дзецьмі — каб употай ад маці гадаваць .. [кацянят]. Карпюк. // Які тоіцца глыбока ў душы, запаветны, дарагі. Аднак калі дружба наша стала такой, што можна было даверыць адзін аднаму самыя патаемныя думкі, я адкрыў сваю мару. Шамякін. Ігнась зноў, як і летась, выказаў мацеры сваю патаемную думку: ён пойдзе ў школу. Мурашка. // Загадкавы, таямнічы. Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Як толькі з’яўляўся старшыня ў гэтую кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім. Колас. Усё навокал было зімовае, золкае, але па-свойму прыгожае і крыху патаемнае. Чарнышэвіч.