Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пастраля́цца, ‑яецца; ‑яемся, ‑яецеся, ‑яюцца; зак.

Пастраляць адзін аднаго. Адзін зваў у паліцыю, другі — у партызаны, а Антосіха тупала па двары — каб не паехалі немцы ці партызаны, — то бегала ў хату — баялася, што пастраляюцца. Жук.

пастраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. каго. Расстраляць, забіць усіх, многіх. Коннікі пачалі страляць, маючы адзін намер пастраляць арыштаваных, якія не ведалі, што гэта робіцца, і, ашаломленыя, стаялі. Чорны. Праз які тыдзень у вёсцы не мяўкаў ні адзін кот, не гаўкаў ні адзін сабака — усіх іх пастраляў Пэпік. Сачанка.

2. Страляць некаторы час. Часамі хадзіў Лабановіч у лес, каб пастраляць у цэль з гэтага рэвальверчыка. Колас. Да балота падбегла некалькі эсэсаўцаў.. Пастралялі, пастралялі, колькі лічылі патрэбным, павярнулі назад. Шамякін.

3. што. Расходаваць пры стрэльбе. — Вінтоўка ў нас была, толькі без патронаў. Пастралялі здуру.. Навуменка.

пастраса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Стрэсці ўсё, многае.

пастрачы́ць, ‑страчу, ‑строчыш, ‑строчыць; зак., што.

1. Перастрачыць усё, многае.

2. і без дап. Страчыць некаторы час.

пастра́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.

Разм. Страшыць час ад часу.

пастра́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.

Страшыць некаторы час; папужаць. — А мяне арыштуюць ці не? — Не. Але пастрашыць могуць. Бажко. — Ну, не разыходзься так, — а то завярнуся і пайду, — пастрашыў ён жонку, вешаючы на ашэстак кажух. Колас.

пастро́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пастроіць.

пастро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

Стаць у строй, размясціцца ў нейкім парадку. Падаў каманду лейтэнант Пастроіцца ў рады. Броўка. Ды вось дзяўчаткі пастроіліся па дзве і, трымаючыся за рукі, пайшлі. Брыль. Раніцою батальён пастроіўся на пляцы. Грахоўскі.

пастро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.

Паставіць у строй, расставіць у пэўным парадку. Пастроіць у калону. Пастроіць у шарэнгу. □ Лясніцкі пастроіў разведчыкаў і падзякаваў ім за паспяховае выкананне задання. Шамякін. Перад самым адыходам Мошкін пастроіў свой атрад. Кулакоўскі. На пероне пастроілі .. [зняволеных] чацвёркамі, акружылі з усіх бакоў жандарамі і павялі. Мядзёлка.

пастро́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да пастронкаў.