Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нізаво́шта, прысл.

Тое, што і нізашто.

нізавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які дзейнічае каля самай паверхні зямлі, вады і пад. Нізавы .. вецер гнаў пазёмку, ля кустоў і купін памятаў курганчыкі снегу. Асіпенка. Нізавы агонь хоць і бяжыць па зямлі, але ўсё-такі не-не ды і дакранецца да нізка звешаных галін, яны і ўспыхнуць. Гавеман.

2. Які знаходзіцца ў нізкім месцы. Нізавая дарога.

3. Спец. Які ўтварае ніжні ярус расліннага покрыва. Нізавыя травы.

4. Які размяшчаецца ў нізоўях ракі, па ніжняму яе цячэнню. Нізавыя парты.

5. Які звязаны непасрэдна з масамі, з народам; які абслугоўвае масы, народ. Нізавы друк. Нізавая арганізацыя. □ Ён, Шэлег, — .. нізавы работнік, доўгія гады працуе з людзьмі, якіх не назавеш анёламі. Навуменка. [У заяве] інжынер Ватулін, Валянцін Уладзіміравіч, прасіў абком партыі накіраваць яго на нізавую работу ў .. МТС. Лупсякоў.

ніза́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца нізаннем чаго‑н. (у рыбнай, тытунёвай прамысловасці, у вытворчасці абаранкаў і пад.).

ніза́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да нізальшчык.

ні́зам, прысл.

Па ніжняй частцы чаго‑н., па больш нізкаму месцу. Ад іскры паравоза загарэўся лес:.. агонь імкліва пашырыўся і ўзляцеў на верхавіны ялін і соснаў — і пайшоў шумець нізам і верхам. Шчарбатаў.

ніза́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. нізаць.

ні́засць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нізкага (у 4 знач.). [Туляга:] Я такі баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці. Крапіва.

2. Нізкі ўчынак.

ніза́цца, ніжацца; незак.

1. Набірацца, насаджвацца падрад на нітку, дрот і пад.

2. перан. Лёгка і свабодна падбірацца, спалучацца (пра думкі, словы і пад.). Машына скакала, гойдалася на калдобінах так, што часам у вачах цямнела, але думкі ўсё нізаліся адна на другую, адна святлей другой. Новікаў.

3. Зал. да нізаць.

ніза́ць, ніжу, ніжаш, ніжа; незак., што.

1. Набіраць, насаджваць падрад на нітку, дрот і пад. Нізаць сушаныя грыбы. □ Дзядзька пакінуў нізаць тытунь, глянуў у акно. С. Александровіч.

2. перан. Лёгка падбіраць, спалучаць адно з другім (пра словы, рыфмы і пад.). Ніжа без перадыху Сцяшынская слова на слова. Б. Стральцоў.

3. перан. Пранізваць, працінаць наскрозь. Яшчэ да таго як сяло апаноўваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак. Мележ.

нізашто́, прысл.

1. Ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах. [У хаце] было свежа і чыста, як у лесе пасля дажджу. «Цяпер хоць сам не заходзь, каб не набрудзіць, — падумаў Шурка. — Паслязаўтра мама вернецца з бальніцы, а тут поўны парадак.. Хаця, праўда, адзін я нізашто не ўправіўся б». Шыловіч.

2. Дарма, без прычыны. Стары кальнуў .. [Ганну] злым, вострым позіркам. Гора горам, а трэба ведаць, што гаворыш! Такое страхоцце нізашто ўзвяла. Мележ.