Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паста́віцца ​1, ‑ставіцца; зак.

Быць пастаўленым. — Прадаў [зруб]. Яшчэ і другі, як толькі паставіцца, сплавіць. Савіцкі.

паста́віцца ​2, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.

Праявіць, выказаць якім‑н. чынам свае адносіны да каго‑, чаго‑н. [Нявідны] адразу паставіўся варожа да свайго допыту і ўзяў курс на тое, каб меней гаварыць і нічога не расказваць аб тым, што іх будзе найбольш цікавіць. Колас. Нарэшце і Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія.. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.

паста́віць ​1, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць.

Зак. да ставіць.

•••

Паставіць бутэльку — пачаставаць віном.

Паставіць вочы на каго — позіркам, выглядам выявіць варожасць.

Паставіць да ганебнага слупа — заклеймаваць ганьбай.

Паставіць з ног на галаву — няправільна растлумачыць што‑н., надаць процілеглы сэнс.

Паставіць на від каму — зрабіць заўвагу, папераджальную вымову.

Паставіць на (сваё) месца каго — збіць пыху з каго‑н., зрабіць рэзкую заўвагу каму‑н. пра нясціплыя паводзіны.

Паставіць на ногі — а) вылечыць ад якой‑н. хваробы. [Сямён Львовіч:] — Вы сур’ёзна хворы, і нашы намаганні паставіць вас на ногі не знаходзяць вашай падтрымкі. Кавалёў. Намаганні ўрачоў і розныя цуды медыцыны не заўсёды мелі сілу паставіць на ногі кожнага, хто трапляў сюды. Васілевіч; б) выхаваць, выгадаваць, давесці да самастойнага жыцця. [Аксіння:] Немаладая ж я, пажыла. Дзетак паставіла на ногі. Вярцінскі; в) давесці да належнага стану, падняць. Вярнуўся.. [Бабейка] з партызан камуністам, за год-паўтара паставіў калгас на ногі, ды і цяпер у яго ўсё ладзіцца. Хадкевіч; г) прымусіць прыняць актыўны ўдзел у чым‑н. [Іванчанка:] Люба!.. Мы знойдзем спосаб уведаць, дзе гэтыя дзеці... Я пастаўлю на ногі ўсю сваю разведку. Кучар.

Паставіць што на службу чаму — выкарыстаць што‑н. у інтарэсах чаго‑н., прымусіць служыць чыім‑н. інтарэсам, мэтам.

Паставіць пад ружжо — а) прызваць у армію; б) прымусіць прастаяць пэўны час пры поўным узбраенні (пакаранне ў царскай арміі).

паста́віць ​2, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць.

Зак. да пастаўляць ​1.

паставы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да паста ​1 (у 1, 2 знач.). Паставая будка. Паставы пункт.

2. Які стаіць на пасту (у 1 знач.). Паставы міліцыянер. / у знач. наз. паставы́, ‑ога, м. Карнікі наляцелі раненька, ачапілі вёску, выставілі паставых скрозь па вуліцы, загадалі нікому не выходзіць з хат. Марціновіч.

пастагна́ць, ‑стагну, ‑стогнеш, ‑стогне; зак.

1. Стагнаць некаторы час. Увярэдзілася, варочаючы калоды ў лесе, маці. Паенчыла, пастагнала з тыдзень і згарэла, як свечка. Грахоўскі. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату. Чорны.

2. перан. Паплакаць, пажаліцца. [Васіль Кузьміч:] — Любіш пастагнаць. Прызнайся, колькі ямак збожжам засыпаў? Лобан.

пастале́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пасталеў, зрабіўся сталым. У вёску.. [Анатоль] вярнуўся пасталелы і не па гадах ужо сур’ёзны. Асіпенка. Вароты ў цёткі не часта рыпяць: Ніяк не сабраць пасталелых сыноў. Чэрня.

пастале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць сталым; памужнець. Цяпер Ліда пасталела і трымалася ў адносінах да настаўніка стрымана і нават як бы трохі холадна. Колас. Леташнія васьмікласнікі сталі дзевяцікласнікамі. Пасталелі, паразумнелі. Пачалі больш сур’ёзна ставіцца да ўсіх пытанняў школьных і жыццёвых. Дубоўка. Што за карысць, што малады і прыгожы, калі кручаны і невядома калі пасталее. Чорны. Я дарос, пасталеў на вайне. Таўлай.

пасталы́, ‑оў; адз. пастол, ‑тала, м.

Даўні мяккі сялянскі абутак з цэлага кавалка скуры, які носіцца з анучамі і прывязваецца да ног аборамі. Абутак мясцовых сялян да 1913 года — раменныя пасталы. «Помнікі». Раз толькі пашанцавала натрапіць на вялікія сляды скураных пасталеў. Караткевіч. // Лапці. Ледзь распрог [бацька] каня, зайшоў у хату, не ўправіўся разуць мокрыя пасталы — паявіўся Яўхім. Мележ.

пастаме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Архітэктурны фундамент помніка, калоны, статуі і пад.; п’едэстал. Гранітны пастамент.

2. Падстаўка, на якой устанаўліваецца скульптура ў музеі, на выстаўцы і пад.

[Лац. postamentum.]

пастанаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., з інф.

1. Прыняць пастанову; вырашыць. Дзеду Талашу пастанавілі выдаць чырвонаармейскую стрэльбу і быць за правадніка на разведцы. Колас. — Не даць [фашыстам] вывозіць хлеб! — пастанавіў падпольны бальшавікі камітэт. Лынькоў. Параіліся мужчыны, пагаманілі і пастанавілі: аддаць гэтых дзяцей Тарасу пад апеку. Нікановіч.

2. Вызначыць. Ды якія ж чыншы? Якія ўздумаецца пастанавіць чыноўнікам ды судовым крывапійцам, ды яшчэ з кожным годам усё большыя ды большыя. Якімовіч.

пастанаўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да пастанаўляць.